Жыхару Мастоў Віктару Царыкевічу 38 гадоў. Ужо два дні ён не выходзіць з дому, бо на вуліцы яго чакае міліцэйская машына. Мужчына мяркуе, што міліцыянты зацікавіліся ім пасля таго, як ён запісаў на відэа, як яны спыняюць машыну з бел-чырвона-белым сцягам. 

«У нядзелю, 23 жніўня, я разам з іншымі жыхарамі Мастоў нёс 40-метровы сцяг праз наш горад, — расказвае Віктар. — Пасля сканчэння шэсця мы пагрузілі гэты сцяг у машыну знаёмага: ён яго павёз, а я на сваёй машыне падстрахоўваў. 

Мужчыну са сцягам усё ж спынілі праваахоўнікі. Тады я выйшаў са сваёй машыны і стаў запісваць міліцыянтаў на відэа. Ім гэта не спадабалася: адзін падышоў да мяне і папярэдзіў, каб я не выкладваў відэа ў сацсеткі. І я ім паабяцаў гэтага не рабіць. 

Але сябра яны адпусцілі без усякіх паперак. Калі я запытваў у міліцыі, чаму яго спынілі, то сказалі, што за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. 

Чалавеку, у якога быў сцяг, я назваў свой адрас і прапанаваў пакінуць гэты сцяг у мяне дома, бо мужчыну маглі пераследаваць. Пасля гэтага я адразу пераправіў сцяг у надзейнае месца.

40-метровы сцяг, які праз горад неслі жыхары Мастоў 23 жніўня. Фота з архіва героя.

40-метровы сцяг, які праз горад неслі жыхары Мастоў 23 жніўня. Фота з архіва героя.

Але цяпер мне здаецца, што праваахоўнікі пераследуюць мяне. Ужо другі дзень яны не адводзяць вачэй ад маёй хаты. Учора, напрыклад, пяць разоў прыязджалі. Грукалі ў дзверы, але я ім не адчыняў. Сення зноў у 6:45 раніцы сталі барабаніць у дзверы. Прастаялі пад вокнамі да 11:20 і цяпер час ад часу пад’язджаюць да дома. Ужо і да сястры маёй прыязджалі, якая знаходзіцца за 20 кіламетраў ад горада!

Я асцерагаюся з імі кантактаваць зусім, бо яны могуць знайсці любую зачэпку, каб мяне затрымаць. Я і тэлефон адключыў. Але ім усё ж удалося сустрэць маю жонку — праз яе яны перадалі мне позву ў РАУС».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?