З СІЗА КДБ і з СІЗА на Валадарскага выйшлі сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргей Міхяёнак, Ігар Бяленскі, Арцём і Аляксандра Моладавы. Дакладна вядома, што Ігар Бяленскі застаецца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (арт. 293 КК РБ), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» ў тэлеграм-канале.

Вядомы прозвішчы каля 30 чалавек, якія зараз знаходзяцца пад вартай у якасці падазраваных ці абвінавачаных па справах аб масавых беспарадках. Сярод іх актывісты штаба Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі, Уладзіслаў Карэцкі, Ігар Ярмолаў, Лявон Халатран, Антон Бяленскі, Андрэй Пазняк, гомельскія актывісты Юрый Уласаў, Таццяна Канеўская, Аляксандр Шабалін, актывіст анархісцкага руху Аляксандр Францкевіч.

Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ, СІЗА-1 у Мінску, у СІЗА Баранавічаў і Брэста.

Агулам, па звестках «Вясны» па крымінальных справах па арт. 293 КК РБ пасля 9 жніўня затрымалі больш за 50 чалавек.

У Мінску і рэгіёнах заведзены шэраг спраў супраць дэманстрантаў па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса: 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак), 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0