Матэрыялы для гэтай кніжкі зьбіраліся этнографам яшчэ на пачатку ХХ ст., кніга выйшла ў 1928 г. Цяпер жа ўраджэнец тых самых мясьцін, якія апісваў Сербаў, прадпрымальнік Уладзімер Пясоцкі фундаваў перавыданьне манаграфіі.

Беларускі дасьледчык І.Сербаў на падставе цэлага комплексу адметнасьцяў вылучыў невялічкі этнаграфічны рэгіён — Вічынскую зямлю, утвораную вакол вёскі Вічын на левым беразе сярэдняга цячэньня Прыпяці (цяпер гэта ў Лунінецкім раёне). Вічынская зямля разьмешчаная ў бязьлеснай роўнай даліне, і жыхары яе называлі сябе палявымі людзьмі, альбо палянамі, у адрозьненьне ад палешукоў — жыхароў лясной часткі Палесься. Прытым палянін не лічыў палешука за роўнага сабе ды глядзеў на яго зьверху.

Трэба адзначыць, што сам аўтар быў у вялікай ступені па-пазытывісцку настроены ў дачыненьні да этнаграфічнай мэтодыкі і не лічыў патрэбным з замілаваньнем апісваць сялянства. Крытычныя выказваньні на адрас беларусаў прагучалі задоўга да канца ХХ ст.: «Вічынскія селішчы, за невялікім, зразумела, выключэньнем, маюць бедны і вельмі непрыветлівы выгляд. Чысьціць рэгулярна вуліцу і двары тут наагул не прывыклі. Гэтая справа аддана самой прыродзе: усхопіцца вецер і падмяце ўсё начыста. Тут у селішчы ўсё навакол шэрае, збуцьвелае, паламанае».

Альбо вось ужо зусім постмадэрнісцкі сюжэт: «Да нас у школу прыйшла бабка Агапа Верас, зь дзіцем на руках. І вось, усе мухі, якія былі ў нас на кухні, зьляцеліся на Агапу і дзіцянё і разьмясьціліся кучамі на плямах сьвежае ежы, што засталася пасьля абеду ў яе на рукавох і на грудзёх. Мухі абляпілі рот і павольна ныралі ў носе. На запытаньне, чаму Агапа не адмахваецца ад гэтых дакучлівых кузурак, яна з чыста эпічнай павольнасьцю адказала: «Да навошчэ ж іх отгоняці? На то ж ім бог і лето даў, каб воны поўзалі: зімой не полезуць!»

Між тым сам Сербаў падкрэсьліваў, што паляне «выяўляюць зь сябе здаровы чысты народ, моцнага целаскладу і прыемнага выгляду», а «паміж вічынцамі часта сустракаюцца надзвычайна мілавідныя жанчыны і прыгожыя самавітыя мужчыны». І яшчэ: «Палянін адрозьніваецца сваімі здольнасьцямі і працавітасьцю». Можна быць прыгожым, здольным і працавітым, але жыць у брудзе.

Ня прага да прыгодаў, а ўсё тое ж пытаньне пра падзаробкі ўцягвала беларусаў у падарожжы. Многія вічынцы зьяжджалі на працу ў Амэрыку. «У кожным селішчы ўжо маецца некалькі гэткіх «амэрыканцаў», якія, пражыўшы гады тры-чатыры на чужыне і сабраўшы крыху грошай, вяртаюцца дахаты і абзаводзяцца тут сваёй гаспадаркай, больш-менш па-новаму. Аднак вялікага ўплыву яны на акаляючае асяродзьдзе пакуль што ня робяць, наадварот, родная старына часта зьвяртае іх на бацькоўскую сядзібу».

Апроч вось гэтых зьвестак, што насуперак уласнае волі выводзяць нас на абагульненьні і актуальныя паралелі, чытач знойдзе ў этнаграфічных нарысах даволі багата прыкладной інфармацыі, якая можа спатрэбіцца ў самых нечаканых сытуацыях.

На апошнім адзначэньні дня сьв.Марціна, якое наладзіў наш галоўны тэарэтык кулінарыі Алесь Белы, кожны з гасьцей мусіў распавесьці за сталом апошнія ўражаньні, зьвязаныя зь ежай. Я прыгадаў, як каштаваў у Парыжы нармандзкія блінчыкі з грэчкі. Аповед выклікаў жывую рэакцыю гаспадара сустрэчы, аказваецца, ён разам з жонкай ужо экспэрымэнтаваў з грэцкімі блінчыкамі, і ў іх нічога не атрымалася. Бліны ўвесь час распадаліся. Трэба будзе неяк падказаць Алесю, што рэцэпт бліноў з грэчкі ён знойдзе ў кніжцы Сербава.

Сербаў І. Вічынскія паляне: матэрыяльная культура. Этнаграфічны нарыс Беларускага Палесься / Прад. Т.Навагродзкага, Я.Пясоцкай. — Менск: Беларускі фонд культуры, 2005. — 88 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?