Грузавік з 20 тонамі дапамогі для беларускіх пратэстоўцаў 12 гадзінаў чакае, каб уехаць у Беларусь, паведаміў кіраўнік офісу польскага прэм’ера Міхал Дворчык. Грузавік перасек польскую мяжу ў сераду ўвечары і ўсё яшчэ чакае ўезду ў Беларусь, паведамляе Радыё Свабода.

У памежнай службе Беларусі заявілі, што на груз няма ўсіх неабходных дакумэнтаў. Дворчык цьвердзіць, што ўсе неабходныя дакумэнты на транспарт ёсьць.

Гуманітарная дапамога была арганізаваная прафсаюзам «Салідарнасьць». У грузавіку прадукты, у асноўным кансэрвы. Накіроўваючы транспарт у Беларусь, «Салідарнасьць» паведамляла, што на прадпрыемствах, якія страйкуюць у Беларусі, могуць быць зачыненыя сталоўкі.

«Салідарнасьць» запусьціла праграму дапамогі Беларусі, выдзеліўшы на яе 1 мільён злотых.

— Як прафсаюз, мы абавязаныя дапамагчы, гэтак жа, як 40 гадоў таму нам дапамагалі іншыя людзі з усяго сьвету, калі мы змагаліся за свабоду і дэмакратыю, — сказаў Марэк Левандоўскі з «Салідарнасьці».

— Мы распрацоўваем праграмы дапамогі нашым усходнім суседзям, — дадаў Дворчык. — Учора прэмʼер прыняў рашэньне аднавіць нармальную працу консульстваў і выдачу візаў. Дагэтуль яны выдаваліся толькі людзям, якія прыехалі ў Польшчу са службовымі ці гуманітарнымі мэтамі. Цяпер консульствы зноў змогуць выдаваць беларусам візы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0