Улад Сакалоўскі — той самы дыджэй, які ўключыў у Кіеўскім скверы песню «Перамен», а пасля быў арыштаваны на 10 сутак.

Пасля вызвалення хлопца зноў запрасілі ў МУС — на размову. У выніку адпусцілі, але Уладзіслаў катэгарычна адмаўляўся расказваць, што адбывалася падчас гутаркі.

Цяпер Сакалоўскі з'ехаў у Літву. Апынуўшыся ў бяспецы, ён расказаў «Нашай Ніве» дэталі свайго апошняга візіту ў МУС і сустрэчы з намеснікам міністра Аляксандрам Барсуковым.

Улад Сакалоўскі (злева) і Кірыл Галанаў

«У пятніцу, 21 жніўня, мне пазваніў супрацоўнік МУС, прадставіўся Андрэем. Сказаў што, мне трэба пад'ехаць у міністэрства, маўляў, ёсць пытанні па публікацыях. Мы дамовіліся, што я прыеду ў суботу», — узгадвае Уладзіслаў. Аднак праз некалькі гадзін хлопцу патэлефанавалі ў дамафон — міліцыя: «Давайце ўсё ж такі сёння».

«У кабінеце было два чалавекі. Аднаго звалі Андрэй. Цікавіліся ў асноўным той самай публікацыяй у «Нашай Ніве».

Пасля вызвалення Сакалоўскі распавёў «Нашай Ніве», што да яго ў карцар прыходзіў міліцэйскі начальнік. «Тварам да сцяны! Ты хацеў пераменаў? Уключыў песню? Шмат людзей выйшла на вуліцы, шмат затрымана, а колькі з іх у бальніцы… Рыхтуйся, гэта толькі пачатак, сядзеш на 10 гадоў. Яшчэ і сябра падставіў», — казаў ён. А пасля два разы ўдарыў хлопца. Па фота хлопец пазнаў у тым начальніку намесніка міністра Аляксандра Барсукова — Рэд.)

Чытайце: Дыджэй Сакалоўскі сцвярджае, што на Акрэсціна яго збіваў намеснік міністра Барсукоў

Размаўлялі на «вы». Не білі, прамых пагрозаў не было, больш намёкамі. Казалі, што наступствы могуць быць у выглядзе крымінальнай справы за паклёп. «Мы на вас не ціснем, вы ўспомніце, што каму казалі». Адказ «не ўпэўнены» ці «не памятаю» не прымаўся. «Вы вызначыцеся: гэта чырвонае, гэта чорнае; пасярэдзіне нічога няма».

Цікавіў візіт «невядомага чалавека» да мяне ў карцар. Ці ўпэўнены я, што гэта быў Барсукоў? Былі гэта ўдары або штуршкі? Ці здымаў я пабоі?

Аляксандр Барсукоў, фота Вольгі Шукайла

Цікавіліся грашыма, якія людзі сабралі нам у падтрымку, пакуль мы сядзелі на Акрэсціна. Якая сума? Як нам будуць перадаваць яе? Хто збіраў? Хто звязваўся з намі па гэтым пытанні? З якіх нумароў тэлефанавалі, беларускіх ці не? Папярэджвалі аб ашуканцах, што мы можам апынуцца крайнімі. Прапаноўвалі дапамогу ў распараджэнні сабранымі грашыма. Пыталіся, ці плаціў нам хто-небудзь за штосьці.

«Можа быць, вам прапаноўвалі такі варыянт: вы скажаце вось так, а мы вам дамо частку з сабраных грошай. Потым скажыце яшчэ штосьці, і яшчэ атрымаеце нейкую частку?»

На што я адказваў як ёсць: што нам ніхто ні за што не плаціў, сабраных грошай яшчэ не атрымлівалі, нават дакладную суму не ведаю.

У нейкі момант у кабінет увайшоў Аляксандр Барсукоў і яшчэ некалькі чалавек, узгадаў Сакалоўскі.

«Адзін з іх запісваў відэа на тэлефон. Супрацоўнікі МУС выйшлі. Гаварыў у асноўным Барсукоў. Размова была на эмоцыях. Пытаўся: замова гэта ці не? Мне заплацілі? Хто? Альбо я прашу прабачэння альбо ён вылучае крымінальнае абвінавачванне аб паклёпе. Гэта паўтаралася некалькі разоў. Калі я спрабаваў нешта сказаць, ён казаў: мне ўсё роўна, я хачу ведаць — гэта замова ці не. І зноў пытанні па коле.

У выніку спыталі: «Ці згодны я папрасіць прабачэння?» Далі сказаць. Я нагаварыў чагосьці не выразнага: «Прашу прабачэння за ўсе… Абазнаўся… пераблытаў…»

Потым мы засталіся ў кабінеце ўдвух. У асноўным казаў зноў ён. Размова была пра ўсё і ні пра што. Ён казаў, што 9 жніўня яго на Акрэсціна не было. А маўляў, з 13 на 14 жніўня ў Акрэсціна ніхто яму не скардзіўся на збіццё. Ён сышоў, вярнуліся два супрацоўнікі, — расказаў Уладзіслаў. 

— У выніку я падпісаў паперу, што да мяне ў камеру заходзіў невядомы чалавек. У мяне ў Беларусі засталіся сваякі, я баюся, што могуць адыграцца на іх.

Я казаў супрацоўнікам: памыліўся я ці не, гэта лёгка высветліць, бо павінен быць запіс з карцара. Той Андрэй сказаў, што бачыў відэа.

На пытанне, хто на відэа, ён сказаў: «Я не магу зараз адказаць на гэтае пытанне». Другі супрацоўнік дадаў: «Няўжо вам так важна гэта ведаць?»

«Наша Ніва» даслала запыт аб прадастаўленні інфармацыі ў Міністэрства ўнутраных спраў. Калі атрымаем адказ, апублікуем яго.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?