Лукашэнкі на пражскім саміце не будзе. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў Бруселі паведаміла аўстрыйскае агенцтва APA.

Падкрэслю: інфармацыя папярэдняя, неафіцыйная. Увогуле ж, са слоў еўракамісаркі Ферэра-Вальднер, першапачатковы спіс удзельнікаў устаноўчага саміта «Усходняга партнёрства» будзе абмяркоўвацца кіраўнікамі МЗС краін Еўразвязу на пасяджэнні 27 красавіка ў Люксембургу.

Пакуль жа, са слоў ананімнага еўрапейскага дыпламата,

паміж Мінскам і Бруселем існуе толькі «джэнтльменскае пагадненне», згодна з якім Беларусь на саміце прэзентуе высокапастаўлены чыноўнік, але не прэзідэнт. Пры гэтым, бадай, варта трымаць у галаве, што ў айчынных дзеячаў сваё ўяўленне пра джэнтльменства.

Зрэшты, відавочна, што прычын не ехаць у Лукашэнкі сапраўды багата. Згадайце, з якой крыўдай ён выказаўся на гэты конт 23 красавіка, выступаючы з пасланнем у Авальнай зале: «Тут дайшло да дробязей: запрашаць Лукашэнку ў Прагу на саміт ЕС — не запрашаць, а як зрабіць, каб запрасіць і не запрасіць. Хачу шчыра сказаць: калі каму-небудзь, хоць аднаму чалавеку будзе няёмка, што там будуць прадстаўнікі з Беларусі, вы не запрашайце нас. Мы не будзем прасіцца, пацерпім, калі гэта вам нязручна і нявыгадна. Рабіце так, як вам зручна. Калі вам вельмі зручна, каб мы там былі, але не Лукашэнка, вы скажыце, толькі не па-хамску».

Такім чынам, сапраўды вельмі імаверна, што ён палічыў за лепшае не рабіць фурору ў чэшскай сталіцы, пры гэтым у родных сценах выказаўшы еўрапейскім нядобразычліўцам усё, што пра іх думае.

Калі так, то тыя апазіцыянеры, што пратэставалі супраць запрашэння «апошняга дыктатара», нібыта могуць святкаваць перамогу. Але перамога ўяўная.

Рэч у тым, што ўжо самой новай палітыкай ў дачыненні да Беларусі Брусель выдаў Лукашэнку пропуск у Еўропу. І ў прыватнасці, 27 красавіка — яшчэ да таго, заўважце, як у Празе стартуе «Усходняе партнёрства», ён сустрэнецца ў Рыме з пантыфікам. У сэнсе піяру гэта нават болей выйгрышны варыянт еўрапейскага дэбюту.

Пэўна ж будуць і новыя запрашэнні. Так што пратэстуй не пратэстуй, а працэс пайшоў. Табу знята, бар’ер зламаны. Зараз становіцца выразна зразумела, што ў пытанні еўрапейскага вектару асобныя апазіцыйныя пасіянары дасюль пераважна, скажам так, выпускалі пару ў свісток.

Цяпер непараўнальна важнейшымі становяцца іншыя пытанні. Наколькі здольны пераўтварыць Беларусь удзел ва «Усходнім партнёрстве»? Якія межы інтэграцыі сінявокай рэспублікі ў Еўропу пры цяперашнім палітычным рэжыме? І наколькі здольны мяняцца пад ціскам новых абставін сам рэжым?

Інакш кажучы, пытанне ў тым, што атрымаецца на выхадзе.

Лукашэнка мае намер вылушчыць з «Усходняга партнёрства» матэрыяльны плён, адкінуўшы тое, што ўяўляецца яму дэмакратычным шалупіннем. І, верагодна, аддасць перавагу ўрэзанаму фармату ўдзелу, каб толькі пазбегчы рызыкаў палітычнай лібералізацыі. Гэта было выразна артыкулявана з трыбуны ў Авальнай зале: маўляў, паўзучая контррэвалюцыя не пройдзе!

Так што страхі Масквы (Захад звядзе апошняга хаўрусніка!) могуць аказацца перабольшанымі. Палітолаг Юрый Дракахруст праводзіць паралель з натаўскай праграмай «Партнёрства дзеля міру». Для краін, якія імкнуліся ў альянс, напрыклад Польшчы, яна стала прыступкай. Ну а беларускі абывацель у масе сваёй і не падазрае, што сінявокая рэспубліка ўжо другі дзесятак гадоў знаходзіцца ў партнёрстве з «вераломным монстрам».

Карацей, фармат супрацы з альянсам рэдукаваны настолькі, што ніяк не ўплывае на геапалітычныя арыенціры Беларусі. І ў выніку Масква толькі мацуе з ёй баявую садружнасць, што пацвердзіў нядаўні візіт міністра абароны Расіі Анатоля Сердзюкова ў Мінск.

Але сюжэт з «Усходнім партнёрствам» можа аказацца больш інтрыгоўным. Такія-сякія саступкі Бруселю пэўна давядзецца рабіць. Патрэбны ж заходнія грошы.

А дзеля гэтага беларускаму начальству давядзецца падтрымліваць гульню, перыядычна паўтараючы замежным візіцёрам: так, мы гатовы быць вучнямі ў школе дэмакратыі, толькі не ганіце ў карак, не грузіце адразу найвышэйшай матэматыкай.

Беларуская грамадзянская супольнасць, эксперты могуць паўплываць на вызначэнне фармату «Усходняга партнёрства».

Так, свае прапановы сфармуляваў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. І яны вельмі адрозніваюцца ад падыходу тытульнай апазіцыі: хай, маўляў, спачатку ўлады зладзяць нам тут дэмакратычныя выбары і ўсё такое, а потым ужо пнуцца ў Еўропу.

На думку ж экспертаў BISS, ні ў якім разе «нельга перакрэсліць супрацоўніцтва і выкананне праектаў у межах палітыкі “Усходняга партнёрства” недарэчным вылучэннем палітычных перадумоў».

У дакуменце пад назвай «Што “Усходняе партнёрства” мусіць даць Беларусі?» зазначаецца:

«Што да такіх “праблемных” дзяржаў, як Беларусь, то праграма “Усходняга партнёрства” мусіць разглядацца як прылада рэструктурызацыі і змены ментальнасці, а не змены рэжыму» (адчуваю, як рвуцца пярэчанні з вуснаў многіх чытачоў:)

На думку экспертаў, варта «прасоўваць такія праекты, якія забяспечваюць рэформы, трансфармаванне грамадства, геапалітычнае і цывілізацыйнае прыцягненне Беларусі да Еўропы».

Так, у якасці аднаго з ключавых крокаў Бруселю прапануецца прасоўваць на двухбаковым узроўні прарыўныя праекты, скіраваныя на эканамічную лібералізацыю. Адзначаецца патэнцыял прадугледжанага праграмай Форуму грамадзянскай супольнасці. Падкрэсліваецца, што

«на ўсіх этапах усіх праграм неабходна заахвочваць і падтрымліваць дух і практыку партнёрства і супрацоўніцтва паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю».

Зрэшты, не буду пераказваць дакумент, які, да таго ж, не прэтэндуе на панацэю ды ісціну ў апошняй інстанцыі.

Трэба вывучаць ідэі і дыскутаваць пра тое, як зрабіць «Усходняе партнёрства» дзейсным. Увогуле — як ямчэй скарыстацца прыадчыненым сёння акном ў Еўропу, замацаваць кволую тэндэнцыю і ўрэшце забяспечыць інтэграцыю Беларусі ў Стары свет.

Самы час пераключацца з эмоцый на разважны сэнс. Тым болей што Лукашэнка ў Прагу, імаверна, не ляціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?