Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Вечарам у пятніцу, 28 жніўня, каля завода «Вымяральнік» у Наваполацку Зоя Скварцова гуляла з 4-гадовым сынам, потым дзіця захацела памаляваць крэйдай на асфальце. Да яго далучылася і мама. Малы намаляваў домік, а мама — БЧБ-сцяг і лозунгі: «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням». Ахоўнік завода выклікаў міліцыю, і жанчыну з дзіцём забралі ў ГАУС. «Сын плакаў, баяўся міліцыянтаў, у яго збіўся рэжым кармлення і сну», — распавядае TUT.BY Зоя.

— Каля завода «Вымяральнік», на вуліцы Маладзёжнай, ёсць месца на тратуары, дзе дзеці любяць маляваць на асфальце. Тэрыторыя гэтая не закрытая, не агароджаная, і ніхто з работнікаў прадпрыемства ніколі не рабіў бацькам дзяцей заўваг, што маляваць тут забаронена. Тут увесь час гуляюць і малююць многія жыхары нашага мікрараёна, — тлумачыць Зоя Скварцова.

Увечары ў пятніцу, 28 жніўня, на прагулцы была ўся сям'я Скварцовых: бацькі і двое дзяцей — двух і чатырох гадоў.

— Малодшы зваліўся ў лужыну, муж пайшоў з ім дадому пераапрануць яго. А мы са старэйшым сынам засталіся на вуліцы. Ян узяў крэйды і пачаў маляваць на асфальце домік. А я намалявала бел-чырвона-белы сцяг, напісала «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!».

Далей падзеі атрымалі нечаканы паварот:

— Вылецеў начальнік аховы завода і пачаў нецэнзурна крычаць на мяне і сына. Я зрабіла яму заўвагу: «Чаму вы хаміце, ды яшчэ ў прысутнасці дзіцяці?» Ён абураўся: «Што ты тут намалявала?» Я патлумачыла, што бел-чырвона-белы сцяг не забаронены, гэта наша гістарычная сімволіка. Начальнік аховы сказаў: «Гэта тэрыторыя завода, маляваць тут нічога нельга, змывайце свае малюнкі».

У маладой жанчыны была з сабой вада — і яна выканала патрабаванне работніка завода.

— Збольшага я змыла малюнкі. Надпісы былі амаль не бачныя.

Аднак начальнік аховы тым часам выклікаў міліцыю.

— І нас з дзіцём 4-х гадоў павезлі ў ГАУС. Уявіце, еду я ў міліцэйскай машыне, на руках плача сын — ён баяўся людзей у форме, і яшчэ са мной два дзіцячыя самакаты. Таму што з намі на пляцоўцы застаўся самакат малодшага сына, якога муж яшчэ да гэтага надзвычайнага здарэння павёў пераапранацца дадому. Зоя кажа, што міліцыянты не прапанавалі ёй адвезці дзіця дадому:

— Не, такі варыянт яны нават не разглядалі. Па дарозе ў ГАУС у Яна ліліся слёзы градам, ён казаў: «Я баюся!» Але ад міліцыі на гэта не было ніякай рэакцыі.

У ГАУС Зоя з сынам правялі 1,5 гадзіны:

— Я спрабавала даведацца, дзе ў нас у горадзе можна маляваць крэйдай. Дзеці ж хочуць маляваць. Міліцыянты сказалі, што «ў межах горада крэйдай на асфальце маляваць нельга нідзе». Дзіця за паўтары гадзіны стамілася, прасіла есці, пыталася, калі мы пойдзем дадому. Нават сказаў: «Да доктара ў паліклініцы мы і тое менш сядзім, чым тут». Выйшлі з міліцыі мы ў 22:10. Дадому даехалі на таксі. У дзіцяці збіўся рэжым дня: звычайна я кладу яго спаць у 21.30.

У панядзелак, 31 жніўня, па справе Зоі Скварцовай будзе суд. Яе абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 21.14 Каап (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 25 базавых велічынь (да 675 рублёў).

— Вось да такога абсурду ўжо даходзіць у нашай краіне: чалавека могуць пакараць за малюнак крэйдай на асфальце — кажа жыхарка Наваполацка. — Дарэчы, як я бачыла, нашы з сынам малюнкі каля «Вымяральніка» канчаткова змыла дажджом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?