26 красавіка 1986 года, адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі — самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа.

У 1 гадзіну 23 хвіліны на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС, што побач з горадам Прыпяць (Кіеўская вобласць, Украіна), адбыўся першы цеплавы выбух. Ён зрушыў верхнія блокі атамнага рэактара, прывёў да яго разгерметызацыі, разбурыў трубы высокага ціску, разгрузачны бок ядзернага апарата, падсілкавальны адсек і іншае. Затым быў яшчэ адзін цеплавы выбух, які разбурыў дах рэактарнага аддзялення. Дах машыннай залы быў прабіты жалезабетоннымі абломкамі, і тут жа ўзнік пажар.

У атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасіма ў 1945 годзе. Звыш 70% радыенуклідаў аселі на тэрыторыі Беларусі.

Чарнобыльская катастрофа аказала ўздзеянне на ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека, ад яе наступстваў пацярпелі каля 2 млн. жыхароў Беларусі, у тым ліку больш як паўмільёна дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выведзена 2 млн. 64 тыс. квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў. Ліквідаваныя 54 калгасы і саўгасы, закрыта 9 заводаў.

Радыеактыўнаму забруджанню падвергліся тэрыторыі, дзе цяпер жывуць больш як 1,4 млн. чалавек, знаходзіцца прыкладна чвэрць ляснога фонду краіны і 132 радовішчы мінеральна‑сыравінных рэсурсаў розных відаў. Тэрыторыя Беларусі на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства.

Цяпер над чацвёртым блокам ЧАЭС будуецца новы саркафаг. Аднак, на думку спецыялістаў, ніякі саркафаг не можа вырашыць праблемы выкіду радыеактыўных рэчываў з разбуранага рэактара: для прадухілення новага выбуху яго нельга зрабіць поўнасцю герметычным. Варта ўлічваць і тую акалічнасць, што большая частка ядзернага паліва дагэтуль знаходзіцца ў чацвёртым энергаблоку ЧАЭС, які «дыхае» радыенуклідамі. Ачышчаныя ў саркафагу ад пылу і вільгаці, яны пастаянна выпраменьваюцца ў атмасферу.

Неабходна зазначыць, што ўсё большае разуменне айчынных вучоных і спецыялістаў сустракае новая канцэпцыя бяспечнага пражывання, прапанаваная членам‑карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесарам Іванам Нікітчанкам. Сутнасць гэтай канцэпцыі, заснаванай на агульнапрызнаным міжнародным беспарогавым прынцыпе АЛЛАРА, заключаецца ў тым, што радыенукліды ў любой колькасці шкодныя для арганізма, бо разбураюць яго клеткі і імунітэт, становяцца прычынай розных захворванняў і скарачаюць працягласць жыцця чалавека. Рэалізацыя гэтай канцэпцыі прывядзе да адмены гранічна дапушчальных норм утрымання радыенуклідаў у прадуктах харчавання, якія дзейнічаюць сёння ў краіне.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0