На Нацыянальным прававым партале апублікаваная пастанова Міністэрства адукацыі аб зацвярджэнні навучальных праграм факультатыўных заняткаў для 10-11 класаў. 

фота Надзеі Бужан

фота Надзеі Бужан

«Школа абаронцы Айчыны», «Псіхалагічныя асновы выбару ваеннай прафесіі», «Абаронцы беларускай зямлі», «Абаронцы Айчыны», «Медыцына экстрэмальных сітуацый», — вось іх назвы. 

Дэкларуюцца мэты выхавання ў вучняў пачуцця грамадзянскага патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.

У выніку ў школьнікаў павінны сфарміравацца «веды аб гісторыі свайго народа, сучаснай ваенна-палітычнай абстаноўцы, сучасным беларускім войску і гераізму народа пры абароне радзімы».

Змест вучэбных праграм у гістарычным блоку ў многім дублюе праграму па прадмеце Гісторыя. Складальнікі шмат увагі надаюць эпізодам змагання з агрэсарамі з Захаду, але зусім мала — эпізодам змагання з агрэсарамі з Усходу. Не зразумела, як поўна будуць адлюстраваны драматычныя падзеі «Крывавага патопу» 17 стагоддзя.

Мяркуючы з апісання, падзеі вайны 1812-га прадстаўленыя з пазіцый расійскай гістарыяграфіі, як, зрэшты, і падзеі пачатку ХХ стагоддзя. 

Вялікі блок прысвечаны падзеям Другой Сусветнай вайны, па выніку засваення школьнікам таксама прапануецца практычная частка — знайсці сведкаў і занатаваць іх успаміны. 

На факультатыў «Псіхалагічныя асновы выбару вайсковай прафесіі» адводзіцца 70 гадзін. 

За 35 гадзін курса «Абаронцы Айчыны» школьнікаў навучаць псіхалагічнаму супраціўленню, правільнай ідэнтыфікацыі сіл НАТА і метадам знішчэння ваеннай тэхнікі. 

А таксама страявой падрыхтоўцы, асновам стралковай, азнаёмяць з вайсковымі статутамі і гэтай далей — такі сціслы курс маладога байца.

Таксама дзяцей будуць вучыць аналізу паведамленняў СМІ, каб выяўляць у іх прыкметы маніпуляцый. 

Адзін з метадаў супрацьдзеяння псіхалагічнай агрэсіі: «Ідэалогія беларускай дзяржавы». 

У курсе медыцыны будуць практычныя парады, як дзейнічаць у крытычных сітуацыях, пры розных траўмах. Але раскажуць таксама і пра палавыя інфекцыі.

У каментарыі «Нашай Ніве» у Мінадукацыі запэўнілі, што наведванне факультатываў — выключна добраахвотная справа. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0