31 жніўня актывіста страйкама «Белшыны» Віталя Красніцкага асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — на 7 сутак, якія ён адбывае ў бабруйскім ІЧУ. Пра тое, што суд адбыўся, сваякі даведаліся толькі 1 верасня, піша Tut.by.

Уладзіслаў, стрыечны брат затрыманага, распавёў, што першапачаткова справа павінна было слухацца апоўдні 31 жніўня ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска на вуліцы Тухачэўскага, куды маладога чалавека прыйшлі падтрымаць гараджане. Аднак Віталя Красніцкага туды так і не даставілі, а яго прозвішча знікла са спісаў тых, чые справы разглядаліся ў гэты дзень.

— Мы змаглі толькі даведацца, што з яго знятыя першапачатковыя абвінавачанні па артыкуле 17.3 — з'яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, — паведаміў Уладзіслаў.

Днём 1 верасня маці Віталя Красніцкага паспрабавала высветліць, што з яе сынам і калі адбудзецца суд. Яна датэлефанавалася ў ІЧУ і спытала, на якіх падставах утрымліваецца яе сын.

— Там ёй і паведамілі, што ўсё па законе — маўляў, суд ужо адбыўся 31 чысла, Віталю далі 7 сутак.

Красніцкі быў адным з нямногіх, хто 19 жніўня ўзяў удзел у страйку на ААТ «Белшына» і адмовіўся распачынаць працу. Пазней яго звольнілі за прагул.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0