Нягледзячы на тое, што Латвія вызваліла беларускіх грамадзянаў ад уплаты візавай пошліны, Беларусь ня мае намеру рабіць крок у адказ, паведамляе латвійскае радыё MIX-FM. Такая пазыцыя Міністэрства замежных спраў Беларусі была агучаная на гэтым тыдні падчас беларуска-латвійскіх кансультацыяў між МЗС на ўзроўні кіраўнікоў консульскіх службаў.

Сёлета Беларусь ня хоча ўводзіць зьмены ў кошт візаў, бо гэтае пытаньне павязанае з даходамі дзяржаўнага бюджэту, адзначыў дырэктар консульскага дэпартамэнту МЗС Латвіі Увіс Блумс. Аднак, ён ня выключыў, што Беларусь усё-такі разгледзіць магчымасьць зьніжэньня кошту візы для жыхароў Латвіі, якія жывуць у памежным зь Беларусьсю раёне.

Разам з тым, бясплатныя візы беларусам будуць выдавацца толькі да таго моманту, пакуль Латвія не далучыцца да Шэнгенскай зоны, што можа адбыцца ўжо ў 2007 годзе.

А вось Міністэрства замежных спраў Беларусі абмежавалася дзяжурным паведамленьнем пра мінулыя кансультацыі з латвійскімі калегамі і нічога не паведаміла пра паднятае ў часе кансультацыяў пытаньне пра зьмяншэньне кошту ці адмену платы за беларускія візы. МЗС Беларусі таксама не праінфармавала сваіх грамадзянаў пра тое, што Латвія ў аднабаковым парадку з 1 чэрвеня 2006 году прыняла рашэньне выдаваць грамадзянам Беларусі бясплатныя візы.

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0