Іван Церцель менш за тры месяцы (усё лета) кіраваў Камітэтам дзяржаўнага кантроля. 3-га верасня ён стаў новым кіраўніком КДБ.

Іван Церцель. Фота БелТА

Іван Церцель. Фота БелТА

Чым запомніўся Церцель за нядоўгі час працы ў Дзяржкантролі? Найперш тым, што пры ім гэтае ведамства стала больш шырока займацца палітычнымі справамі. Менавіта Церцель і ягоная каманда ініцыявалі крымінальную справу супраць былога кіраўніка Белгазпрамбанка і імавернага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

Менавіта Церцель сустракаўся з пасламі Еўрасаюза ў будынку Міністэрства замежных спраў, каб пагаварыць пра Бабарыку, а потым з кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаўрам наведваў пасла Расіі Дзмітрыя Мезенцава. Пасля выбараў Церцель наведваў Наваполацк, каб супакоіць там бастуючых рабочых, але яго віталі і праводзілі крыкамі «Ганьба».

 «НН» сабрала цікавыя звесткі пра Івана Церцеля і ягоную сям’ю.

Іван Церцель нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Прывалкі Гродзенскага раёна. Гэтая вёска мае багатую гісторыю. Належала паселішча роду Агінскіх. А ў 1792 годзе, перад другім падзелам Рэчы Паспалітай, кароль Станіслаў Панятоўскі надаў Прывалкам магдэбургскае права і герб («у ружовым полі арханёл Міхал, у правай руцэ маланкі, у левай — шчыт, пад нагамі постаць д’ябла сярод агню»).

У Прывалках па сёння бавіць летні час мама Івана Церцеля Анастазія Казіміраўна. «Зімой я ў Гродне, самой ужо цяжка тапіць дровамі хату, а на лета сюды прыязджаю. Сёлета позна, толькі ў маі прыехала, раней у канцы красавіка яшчэ», — расказвала «Нашай Ніве» ў пачатку лета спадарыня Церцель.

У сям’і Анастазіі Казіміраўны і Станіслава Янавіча было двое сыноў-пагодкаў: Іван і Юрый.

Малодшы Юрый — таксама цяпер пры высокай пасадзе: ён узначальвае Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі. Раней ён узначальваў Асобную службу актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) — пагранічны спецназ.

Юрый Церцель. Фота БелТА

Юрый Церцель. Фота БелТА

«Сыны вучыліся ў базавай школе тут, у Прывалках, а сканчвалі школу ўжо ў Друскеніках, у Літве. Я ж з вокнаў сваёй хаты бачу літоўскую вёску, праз Нёман», — расказвае мама сілавіка.

«Раней жа не было граніц. А па прамой тут да Друскенікаў пяць кіламетраў. Яны выходзілі на трасу Гродна — Вільня і падсаджваліся на рэйсавыя аўтобусы, што ехалі ў Вільню, Алітус, Калінінград. Шмат было аўтобусаў».

А ці ведае Іван Церцель літоўскую мову? «У Друскеніках школа была руская, але літоўскую яны таксама вучылі, троху ўмеюць гаварыць, — расказвае мама. — У савецкія часы ў Вільню мы вельмі часта ездзілі: то ў магазіны, то да касцёла. У нас жа бліжэй да Вільні, чым да Мінска».

Што тычыцца касцёла, то спадарыня Церцель кажа, што ўся іхняя сям’я — каталікі. Сама жанчына ходзіць у касцёл, толькі цяпер пазбягае наведвання храма ў сувязі з каранавірусам.

«Вучыліся добра. Я нават не скажу, якія прадметы былі любімымі — усё любілі. Як усе, хадзілі на рыбалку. Спортам захапляліся: Юрый нават раённае спаборніцтва па настольным тэнісе выйграваў.

Яны ж вясковыя хлопцы, працы ніякай не пазбягалі. Раней давалі ў калгасе буракі на праполку, то яны і для школы праполяць, і для нас, і для бабы з дзедам. Я нядаўна перачытвала лісты Івана з войска, — ён у Туле служыў, — то кожны раз прасіў прывітанне перадаць бабе і дзеду».

Сама Анастазія працавала ўсё жыццё культработніцай: бібліятэкаркай, а таксама загадчыцай мясцовага клуба, хаця вучылася ў Гродне ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме. Але выйшла замуж, вярнулася на радзіму і змяніла сферу дзейнасці. Бацька Івана Церцеля, Станіслаў Янавіч, быў кінамеханікам.

Сёлета будзе 25 гадоў, як Станіслаў Церцель памёр, яму было 55 гадоў. «Маладым памёр, а яшчэ ва ўсю гэтую перабудову. Цяжка было, але сыны дапамаглі», — кажа Анастазія Казіміраўна.

Увесь род Івана Церцеля паходзіць з Прывалак. «І я мясцовая, і муж, і бацькі нашы. Толькі адна бабуля ў мяне была літоўка, з суседняй вёскі. А ведаеце, як маё дзявочае прозвішча? Вейкнер. Можа, нямецкае, хто яго ведае, але мы ўсе мясцовыя. І па пашпарце я не Анастасія, а Анастазія. Калі куды прыходжу, то заўсёды перапытваюць, як імя».

Вучыцца Іван Церцель паехаў у Разань, у вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча. У Беларусі скончыў Інстытут нацыянальнай бяспекі. Ад 1993 года служыў у Пагранічным камітэце (савецкая спадчына, калі пагранічнікі былі прывязаныя да КДБ).

У 2008 годзе Іван Церцель стаў намеснікам старшыні КДБ і прабыў на гэтай пасадзе аж да 2020 года. Гэта рэдкасць пры цяперашняй сістэме ратацыі кадраў.

Іван Церцель жанаты.

«Жонку ён знайшоў на вяселлі брата. Ён браў дзеўку з Ліды сабе. А раней як на вяселлях было: утвараліся пары «дружка» і «дружбан», на іх банты апраналі, і яны маладых суправаджалі. Дык вось са сваёй жонкай яны былі «дружка» і «дружбан», так пасябравалі, перапісваліся, а потым ажаніліся. Яна таксама з Ліды. Нявесткі ў мяне добрыя».

У Івана Церцеля адзін сын Міраслаў. Ён вучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ. Жанаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?