У фае Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту сёньня зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй да рэктара Натальлі Баранавай. Пазьней у студэнтаў адбылася сустрэча з прарэктарам па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ўладзімерам Пашкевічам, піша Радыё Свабода.
У пэтыцыі студэнты і супрацоўнікі ўнівэрсытэту патрабуюць ад рэктара ў сувязі з парушэньнем грамадзянскіх і палітычных правоў «выступіць з адназначнай заявай» у падтрымку шэрагу патрабаваньняў да ўладаў:
— адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі;
— спыненьня гвалту і пакараньня вінаватых у катаваньнях;
— неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў;
— адстаўкі Цэнтрвыбаркаму;
— правядзеньня паўторных выбараў.
Калі гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя студэнты пагражаюць пачаць страйк.
Падчас сустрэчы з прарэктарам Уладзімерам Пашкевічам студэнты патрабавалі таксама тлумачэньняў адносна ўчорашніх затрыманьняў.