Фота Алеся Пілецкага

Пра гэта заявіў міністр культуры Юрый Бондар у эфіры канала СТБ, піша Tut.by.

«Па Купалаўскім тэатры сітуацыя асаблівая. Яна небезнадзейная, Міністэрства культуры мае некалькі планаў, як аднавіць працу Купалаўскага тэатра. Але я думаю, што цяпер, вядома, неабходна пачакаць, супакоіцца, зрабіць высновы з усёй гэтай сітуацыі і вызначыцца з мадэллю аднаўлення дзейнасці Купалаўскага тэатра ў 2020 годзе, — заявіў Юрый Бондар.

Тэлеканал спытаў у Бондара, ці змогуць купалаўцы «арандаваць сцэну беларускага тэатра, прадаваць квіткі, зарабляць»?

— На тых жа ўмовах, што і ўсе астатнія суб'екты тэатральнай дзейнасці. У Беларусі існуе некалькі незалежных тэатраў, гэта значыць тэатраў, якія дзейнічаюць на эканамічных прынцыпах і не атрымліваюць датацыю з рэспубліканскага бюджэту. Напэўна, гэты шлях трупе давядзецца прайсці для таго, каб зразумець, што падтрымка дзяржавы нашаму тэатральнаму мастацтву — гэта аснова сёння для паўнавартаснага функцыянавання калектываў.

Я нагадаю, што дзяржаўныя тэатры атрымліваюць сёння субсідыю ў сярэднім каля 64%. Гэта значныя грошы. Трэба не забываць аб тым, што дзяржава прывяла на высокі ўзровень матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне беларускіх тэатраў. І таго ж Купалаўскага, Вялікага тэатра Беларусі, абласных тэатраў. Гэта велізарныя інвестыцыі, якія дазволілі зрабіць тэатральныя пляцоўкі аднымі з найлепшых у Еўропе», — сказаў Бондар

***

Нагадаем, што з Купалаўскага тэатра следам за звальненнем дырэктара Паўла Латушкі звольніліся 42 акцёры. У калектыве засталося 15 акцёраў. У выніку Купалаўскі тэатр адмяніў паказы ўсіх спектакляў да канца лістапада.