Прэс-служба МУС апублікавала шакуючую навіну: расіянін парэзаў супрацоўніка міліцыі ў Іванаве. Пры гэтым у нападніка знайшлі сякеру і чорную маску, ён рыхтаваўся да цяжкага злачынства.
Набор прадметаў, якія былі ў нападніка
Вось толькі асоба нападніка добра вядомая мясцовай міліцыі. Раней 54-гадовы Алег Б. парэзаў мужа сваёй былой сужыцелькі, пагражаў самой жанчыне, душыў яе маці, быў дэпартаваны, але неаднаразова вяртаўся ў Беларусь.
За ўсе злачынствы ён абыходзіўся штрафамі, міліцыя, калі і затрымлівала яго, спакойна адпускала на волю, заклікі сужыцелькі аб небяспецы і заявы аб пагрозах проста ігнараваліся.
Алег Б.
Хтосьці скажа — карма, хтосьці — недапрацоўка па лініі прафілактыкі злачынстваў. Але ў выніку ад рук мужчыны сур’ёзна пацярпелі самі супрацоўнікі міліцыі.
Пачалося ўсё яшчэ паўтара года таму. 15 студзеня 2019 Алег Б. прыехаў да сваёй былой сужыцелькі, ад якой у яго двое дзяцей. Разам яны даўно не жылі.
Да яго выйшаў пагаварыць жаніх жанчыны. Ён быў цвярозы.
Падчас размовы Алег кінуўся на мужчыну з нажом. Спрабаваў ударыць пад лапатку (парэзаную куртку забрала міліцыя як доказ). Таксама парэзаў твар і моцна параніў руку: у мужчыны перарэзаныя сухажыллі, рабілі аперацыю.
Пасля Алег Б. уцёк.
Прыехала хуткая, параненага забралі ў бальніцу. Расіяніна знайшлі і затрымалі, але ненадоўга. Ужо ўвечары 16 студзеня міліцыя адпусціла яго, склалі толькі адміністратыўны пратакол — за тое, што Алег абмацюкаў міліцыянтаў.
Пасля пачалася доўгая гісторыя. Крымінальную справу ніяк не маглі завесці, бо чакалі экспертыз, не маглі знайсці нож… Сам Алег Б. сцвярджаў: маўляў, я нікога не рэзаў, супернік сам кінуўся на мяне з нажом.
У расіяніна нават не ўзялі падпіску аб нявыездзе. Ён мае нерухомасць у Пінску, дзе спакойна і жыў, працягваючы мучыць былую сужыцельку. Алег Б. пастаянна дасылаў ёй паведамленні з намёкамі на магчымасць няшчаснага выпадку, а то і з прамымі пагрозамі. Дасылаў іх і экс-сужыцельцы, і яе маці.
Жанчыны пісалі начальніку мясцовага РАУС аб тым, што іх фактычна шантажуюць: Б. патрабаваў, каб яго былая сужыцелька адмовілася падаваць на аліменты, інакш ён абяцаў абвінаваціць жанчыну ў вырабе наркотыкаў. Але, па словах жанчын, і міліцыя, і пракуратура адказвалі адпіскамі.
Жанчыны сцвярджаюць: Б. адчуваў сваю беспакаранасць. Ён увесь час тэлефанаваў і пісаў паведамленні з пагрозамі, заходзіў у двары, псаваў маёмасць (нават краў яйкі з куратніка). На судзе паклёпнічаў на былую сужыцельку. Але ўсё сканчалася адміністратыўнымі пратаколамі. Б. прызнавалі вінаватым, але ён заставаўся на волі і працягваў тэрарызаваць жанчын.
А ў маі 2019 Алег Б. здзейсніў новы напад — на маці сваёй былой сужыцелькі. Жанчына чакала ў госці дачку з унукам, адчыніла дзверы — але там быў Алег Б. Ён увайшоў у кватэру, душыў жанчыну, пагражаў падобным на нож прадметам і пагражаў яе забіць, распавядала пацярпелая. Яна страціла прытомнасць. Пасля гэтага Б. забраў буйную суму грошай — каля 2 тысяч даляраў і ўцёк праз акно.
Пасля гэтай гісторыі Б. усё ж змясцілі пад варту. Завялі нарэшце крымінальныя справы: і за гэты напад, і за студзеньскі напад з нажом, пасля іх аб’ядналі.
Вось толькі аказалася, што можна парэзаць чалавека, душыць і рабаваць пажылую жанчыну, пагражаць сваёй былой — і не сесці. Зімою 2020 пачаўся суд. Алега Б. пакаралі толькі за напад на жаніха сужыцелькі, прычым кваліфікавалі цялесныя пашкоджанні як «менш цяжкія». У выніку ён атрымаў усяго толькі штраф у 50 базавых велічынь.
Таксама мужчыну прапісалі самастойна пакінуць Беларусь. Ён гэта праігнараваў. Застаўся ў Пінску, працягваў пісаць скаргі на экс-сужыцельку ва ўсе інстанцыі, дасылаць жанчыне пагрозы, сфармуляваныя так, каб у іх не было прамой небяспекі: «На твае дзеянні будзе непазбежны асіметрычны адказ».
У ліпені Алега ўсё ж затрымалі і выслалі ў Расію.
«У горшым выпадку мяне закрыюць на некалькі гадоў — але я ж адназначна вярнуся і давяду справу да канца, вось толькі буду нашмат больш злы, чым цяпер», — пісаў мужчына сваёй былой «цешчы» яшчэ да нападу на яе і да суда.
Хутчэй за ўсё, гэтыя пагрозы і збіраўся ажыццявіць мужчына 3 верасня. Па інфармацыі МУС, Алега сустрэлі на чыгуначнай станцыі. Ён убачыў міліцыянтаў, дастаў з патаемнай кішэні нож і кінуўся на аператыўнікаў. Адзін з міліцыянтаў атрымаў пранікальнае раненне брушнай паражніны, рэзаныя раны шыі і грудзей.
Цяпер гэты міліцыянт у рэанімацыі, яму зрабілі аперацыю, стан ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці, але стабільны. Жыццю яго нічога не пагражае.
Алега Б. у гэта раз чамусьці не сталі адпускаць на волю. Ён у ізалятары, на яго завялі крымінальную справу за замах на забойства асобы, якая ажыццяўляла службовую дзейнасць. Пакаранне за гэта суворае: тэарэтычна аж да расстрэлу.