Чэхія, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, назвала бессэнсоўнымі абвінавачанні з боку міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова ў тым, што ЕС стварае сферу ўплыву на тэрыторыі постсавецкіх краін, паведамляе «Франс Прэс».
«Ён сам ведае, што гэта глупства. Мы цалкам прытрымліваемся таго пункту гледжання, што не павінна існаваць ніякіх сфер уплыву — ні для Расіі, ні для ЕС», — заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг 27 красавіка ў Люксембургу перад сустрэчай з калегамі з краін Еўрасаюза.
К.Шварцэнберг зазначыў, што для ЕС важнае развіццё краін, якія ўвайшлі ў праграму «Усходняе партнёрства», паколькі іх адставанне «можа ў будучыні стварыць праблемы для ЕС».
Як заявіў кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більт, «Усходняе партнёрства» — гэта адказ Еўрасаюза «на пажаданні шасці краін, якія хочуць больш цеснай інтэграцыі з ЕС».