Юры Стрыжак тыдзень правёў у Жодзінскай турме ў адной камэры зь Сяргеем Дылеўскім — сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, рабочым МТЗ, які адным зь першых далучыўся да агульнанацыянальнага страйку супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, піша «Свабода».

Вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу аб спробе захопу ўлады Каардынацыйнай радай. Менавіта ў межах гэтай справы, паводле Юрыя Стрыжака, сьледчыя спрабавалі дапытаць Сяргея Дылеўскага. Але, як ён мяркуе, нічога не атрымалася.

«Ведаю ад Сяргея, што яму прапанавалі адказаць на 20 пытаньняў, якія ў асноўным тычыліся Каардынацыйнай рады. Хто і як у яе ўваходзіць, каму належаць адрасы для кантактаў Рады зь людзьмі, якім чынам плянавалася праводзіць перадачу ўлады ды іншыя. Але ён адмовіўся даваць паказаньні, допыту не атрымалася.

У камэры Дылеўскі казаў, што пра Раду няма чаго расказваць, бо фактычна і не пачыналі дзейнічаць. Але, са словаў Стрыжака, Сяргей лічыць, што ў думцы пераважнай большасьці беларусаў уладу Лукашэнка ўжо страціў і перадаць уладу народу яму ўсё адно давядзецца, з дапамогай Каардынацыйнай рады ці неяк інакш», — кажа пра Сяргея Дылеўскага Юры Стрыжак.

«Ён добра ўсьведамляе, што людзі бяруць зь яго прыклад».

Паводле Юрыя Стрыжака, у іхнай камэры Сяргей Дылеўскі быў аўтарытэтам ня толькі таму, што вялікі ростам і дужы.

«Яго нават турэмшчыкі рэальна паважалі. Яму з усімі неяк удаецца гаварыць паважліва і адначасова цьвёрда, што міжволі да яго прыслухоўваюцца. Гэта якасьць сапраўднага лідэра. Бачна, што ён усьведамляе, што людзі на яго арыентуюцца, бяруць зь яго прыклад і адпаведна сябе паводзіць.

Сукамэрнікі абмяркоўваюць зь ім шмат тэмаў, хоць у некаторых яму яшчэ давядзецца разьбірацца. Але ён валодае цудоўнай здольнасьцю слухаць, прызнаваць, што нечага ня ведае, і рабіць дакладныя высновы. У тым ліку размаўлялі зь ім пра важнасьць беларускай мовы, дык ён шчыра прызнаў, што, на жаль, мовай добра не валодае, але ў выніку пагадзіўся, што зь ёй адбудзецца тое самае, што цяпер зь бел-чырвона-белым сьцягам. Як сьцяг стаў сымбалем свабоды, гэтак і мова абавязкова вернецца, бо безь яе ня будзе незалежнасьці. Мяркуе, што наперадзе яшчэ доўгае змаганьне, але верыць у перамогу», — кажа Юры Стрыжак.

Сяргей Дылеўскі працуе на МТЗ тэрмістам. Ягоная праца ў тым, каб у агні апрацаваць дэталі, правесьці іх загартоўку.

«Разумею гэтак, што праца ў яго цяжкая і шкодная, як у мэталюрга. Расказваў, як пасьля зьмены ў душы яшчэ шмат хвілін адмываецца ды адкашлівае тое, чым надыхаўся. Але ён такі моцны духам, жартуе, не журыцца. У яго двое малых дзяцей, сям’я жыве ў Заслаўі. Кажа, мае баявую жонку, за яе спакойны, тыл у яго добры».

Сам Юры Стрыжак мае статус падазраванага ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго вызвалілі, бо адміністрацыйны тэрмін адбыў, а з выстаўленьнем крымінальнага абвінавачаньня пакуль у сьледчых не атрымалася, хоць Юры не выключае, што яшчэ выставяць.

«Учора прывезьлі да сьледчага нібыта адпускаць, а самі ўзялі мае хатнія ключы, ускрылі кватэру і бязь сьведак зрабілі вобшук. Пэўна, нічога не знайшлі і мусілі адпусьціць, але абвінавачаньне яшчэ могуць выставіць», — мяркуе Юры Стрыжак.

Начальнік Акрэсьціна бегаў за журналістамі Russia Today як падначалены

Затрымалі Юрыя пасьля сходу на плошчы Незалежнасьці 20 жніўня. Спачатку трымалі ў ізалятары на Акрэсьціна, потым у Жодзінскім СІЗА, адтуль зноў перавялі на Акрэсьціна, адкуль ён выйшаў учора на волю. Юры ведае, што самыя цяжкія часы ў гэтай турме прыпалі на першыя дні пасьля выбараў. Яму пашчасьціла, што «заехаў пазьней».

Паводле Юрыя, у ізалятары на Акрэсьціна зрабілі поўную прыборку, і ўсё ж у некаторых месцах яшчэ можна пабачыць сьляды зьбіцьця людзей.

«У ізалятары часовага ўтрыманьня на першым паверсе ёсьць малая камэра, гэтак званы «стакан», дык на дзьвярах сьляды крыві яшчэ засталіся. А ў дворыку цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ёсьць бляшаны плот са сьлядамі ад дубінак. Гэта там затрыманых ставілі да плота і няспынна зьбівалі. Людзі, відаць, нахіляліся, падалі, таму на плоце паўсюль засталіся доўгія ўмяціны. Хлопец, якога бяруць на прыборку, казаў, што гэтых умяцін раней не было», — кажа Юры Стрыжак.

Паводле Юрыя Стрыжака, цяпер ахоўнікі абодвух ізалятараў на Акрэсьціна адхрышчваюцца ад удзелу ў зьбіваньні затрыманых пасьля выбараў, кажуць, што яны ў тыя дні былі на 4 паверсе, а ўсімі справамі ў турме займаліся нейкія прышлыя супрацоўнікі.

«Можна некаму верыць, можна не, але што яны адчуваюць сорам, дык пэўна. Бачыў на свае вочы, як на Акрэсьціна прыяжджалі расейскія журналісты з Russia Today, здымалі рэпартаж, як там усё добра, і начальнік турмы за імі бегаў, як падначалены, сам дзьверы за імі зачыняў», — кажа Юры Стрыжак.

Ён кажа, што цяпер на Акрэсьціна «больш-менш спакойна».

«Часам ахоўнікі гыркаюць на вязьняў, але хоць ня б’юць. Тыя ж матрацы выдавалі, і цягам дня ніхто не зьвяртаў увагі, што ты ляжыш на ложку, хоць гэта забаронена. Не кашмараць, як падчас выбараў», — заўважыў Юры Стрыжак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?