29.04.2009 / 15:08

Што думаюць гарадзенскія каталікі пра візіт Лукашэнкі ў Ватыкан – апытанне 5

Марына, выпускніца тэхнічнага універсітэту:

Калі візіт Лукашэнкі паспрыяе прыезду Папы ў Беларусь, ацэньваю станоўча. Я вельмі хачу, каб Папа наведаў нас. Прэзідэнт зразумеў, што сябры павінны быць усюды. Спадзяюся, пасля гэтага візіта дзяржава будзе больш падтрымліваць і каталіцкую царкву.

Ксёндз касцёла Ласкі Божай:

Папа Рымскі — наш начальнік. Яго трэба слухаць!.. (усміхаецца) Напэўна, прэзідэнт паехаў туды не на чарку і не на кубак кавы. Папа адказвае за касцёлы, а прэзідэнт — за Беларусь. Яны мусяць дамовіцца пра каталіцтва ў нас. Такі візіт — добры факт.

Валер, будаўнік:

Гэта пойдзе на карысць хрысціянскай веры. Добры знак таго, што наш кіраўнік кантактуе з агульнапрызнанымі лідарамі.

Алена, пенсіянерка:

Думаю, Лукашэнка і Папа будуць размаўляць пра паразуменне каталікоў і праваслаўных, пра надзённыя праблемы. Напрыклад, у Беларусі не хапае сваіх ксяндзоў. Шкоды ад такой сустрэчы нікому не будзе. А ўвогуле, Лукашэнка задаволены, што яму адчынілі шлях на Захад. Ён з усімі падтрымліваць зносіны будзе.

Кацярына, студэнтка:

Чакаю, што нашым праблемам будзе надавацца больш увагі, чым цяпер. У навінах паказваюць адны сустрэчы з мітрапалітам. А з прадстаўнікамі нашай веры? Ксяндза з маёй роднай парафіі на Воранаўшчыне хочуць выслаць у Польшчу. Мы трымаемся за яго, як можам. Але хацелася б, каб нам дапамагалі…

Юрась, інжынер:

Стаўлюся абыякава да гэтай сустрэчы. Мяне не цікавіць збліжэнне Лукашэнкі з рэлігійнымі структурамі. Хай спачатку з мясцовымі цэрквамі стасункі наладзіць, а потым ужо імкнецца ўплываць на сітуацыю ў Беларусі звонку.

Андрэй, кантралёр‑касір:

Асабліва не цікаўлюся гэтымі пытаннямі, але збоку падаецца, што каталіцкая царква дабіваецца павышэння свайго статусу ў Беларусі. Лукашэнка нядаўна сустракаўся з патрыярхам Кірылам. Дык той, мне здаецца, ясна даў зразумець, каб каталікоў не дапускалі да афіцыйных справаў. Увогуле, візіт ў Ватыкан — пазітыўны факт. Добра ўжо тое, што прэзідэнт будзе слухаць Папу.

Вадзім, спартовец:

Паехаў, каб пазнаёміцца з каталіцтвам.

- А Вы думаеце, што ён нічога пра гэта не ведае?

- Думаю, не.

Апытвала Хрысціна Марчук

0
Aleś Jurkaviec / Адказаць
29.04.2009 / 16:51
Хто каго будзе слухаць? Смешна проста. Хутчэй Папа Лукашэнку стане слухаць, чым Лукашэнка Папу. Лукашэнка проста прапіярыўся і прадэмантраваў на ўвесь сьвет, што на ўсіх духоўных асобаў і на нейкую павагу да рэлігіі ён чхаць хацеў. Коля пры боку - самы найлепшы гэтага доказ. Цынік наш прэзідэнт самы сапраўдны. І Папа, праўда, не меншы.
0
UsAnon / Адказаць
29.04.2009 / 17:03
Vox рopuli... А палякаў усё адно трэба высылаць, асабліва з Гродзеншчыны, дзе дастаткова сваіх ксяндзоў і дзе яны замест таго, каб правіць імшу, толькі вучаць дзетак пшэ-пшэ-пшэ.
0
wint / Адказаць
29.04.2009 / 17:25
2UsAnon Згодзен. На польскай мове хай у Польшчы прамаўляюць. Нібы для якіх дзікуноў асьвету нясуць.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру