Дзмітрый Семчанка ў судзе. Фота Tut.by

Дзмітрый Семчанка ў судзе. Фота Tut.by

Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 і прызначылі 15 сутак арышту.

Згодна з пратаколам, складзеным 10 верасня, 16 жніўня, з 14.30 да 15.10, Дзмітрый Семчанка, знаходзячыся паблізу дома №21 па праспекце Пераможцаў, прыняў актыўны ўдзел у мітынгу без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, выкрыкваў лозунгі. Якія - не ўдакладняецца, піша Tut.by.

Дзмітрый прызнаў, што сапраўды знаходзіўся там, але ў мітынгу не ўдзельнічаў.

- У той час я быў начальнікам прэзідэнцкага пула, з журналісцкім пасведчаннем. Я быў там, каб пагутарыць з людзьмі, высветліць іх меркаванне. Размаўляў з тымі, хто за дзейную ўладу і супраць яе. Мне трэба было зразумець, што адчувае грамадства — ад першакрыніцы. Я там быў, але ў мяне не было транспарантаў, я не выкрыкваў лозунгаў. На той момант я быў журналістам дзяржаўнага тэлеканала АНТ.

Суддзя Блізнюк удакладніла, ці быў Дзмітрый на мітынгу ў свой працоўны час, а таксама якім чынам і хто яго туды накіраваў.

— У той момант я быў начальнік прэзідэнцкага пула. Я сам вырашаў, ісці туды ці не. Мне трэба было скласці ўласнае ўражанне, што там адбываецца, — сказаў Семчанка.

***

Былы супрацоўнік АНТ і кіраўнік прэзідэнцкага пула журналістаў Дзмітрый Семчанка быў затрыманы ўчора а 17-й гадзіне ва ўласнай кватэры. У дзверы пагрукаліся трое чалавек у цывільным, адзін быў без маскі, ён паказаў сваё пасведчанне. 

«Супрацоўнік, які прадставіўся, сказаў, што Дзмітрыя трэба даставіць у Фрунзенскі РУУС, каб высветліць, ці браў ён удзел у масавых мерапрыемствах. Дзмітрый сказаў, што не ўдзельнічаў, — расказала жонка Юлія. — Мы не надта здзівіліся, калі ўбачылі гэтых людзей дома, мы маральна былі гатовыя, ведаючы, што адбываецца ў краіне».

Дзмітрый Семчанка да жніўня 2020 года працаваў на тэлеканале АНТ, быў у прэзідэнцкім пуле. Аднак пасля падзей 9—12 жніўня вырашыў сысці з тэлеканала.

«Маўчаць — значыць памерці. Калі я ўбачыў, як знішчаюць беларускі народ — зразумеў, што ўжо ніколі не змагу маўчаць пра гэта. Інакш буду жывым трупам!» — напісаў ён тады у сваім інстаграме.

Нагадаем, што на мінулым тыдні былі затрыманыя і асуджаныя на 10 сутак экс-вядучыя Дзмітрый Кахно і Дзяніс Дудзінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0