26 красавіка на сайце інтэрнет‑газеты БелаПАН «Белорусские новости» прайшла анлайн‑канферэнцыя з прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне‑2009» у Маскве спеваком Пятром Ялфімавым і яго прадзюсерам Таццянай Касмачовай.

На пытанне, чаго ён чакае ад «Еўрабачання», спявак адказаў:

«Я чакаю, калі яно пачнецца і скончыцца… А калі сур’ёзна, то дзякуючы конкурсу мы набылі шмат сяброў у розных краінах. І гэта дарагога варта.

Жыццё «Еўрабачаннем» не закончыцца, у мяне вельмі шмат творчых планаў. Напрыклад, запіс трэцяга альбома… Без мяне сумуюць студэнты. У мяне наперадзе дзяржэкзамены як магістранта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 22 кастрычніка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца адкрыты экзамен у двух аддзяленнях у суправаджэнні народнага і сімфанічнага аркестраў, дзе я буду выконваць класічную музыку».

Пятра запыталі, чаму і ён, і іншыя ўдзельнікі «Еўрабачання» ад Беларусі выконваюць конкурсныя песні не на роднай мове.

«На жаль, — адказаў спявак, — апошнім часам я не сустрэў на сваім шляху чалавека, які мог бы напісаць прыгожы тэкст на беларускай мове. А старыя творы па‑беларуску я спяваю часта і шмат, таму што беларуская мова вельмі пявучая і ніякім чынам адмоўна не ўплывае на мой голас. Прыходзьце на мае канцэрты — самі пераканаецеся».

***

Пётра Ялфімаў нарадзіўся 15 лютага 1980 года ў Магілёве ў сям’і музыкантаў. Упершыню выйшаў на сцэну ў шасцігадовым узросце.

У 14 гадоў стаў салістам вакальнага гурту «Дубль W». У 1999 годзе стварыў гурт «Эгаіст», у якой быў салістам і аўтарам песень. Свой першы твор «Калі б ведала ты» спявак напісаў у 18 гадоў. У 2004 годзе стаў уладальнікам Гран‑пры на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск‑2004», што праходзіў ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі кірмаш у Віцебску». У 1998 годзе П.Ялфімаў скончыў Магілёўскі ліцэй музыкі і харэаграфіі, у 2005‑м — Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе акадэмічныя спевы, сёлета заканчвае магістратуру.

П.Ялфімаў выпусціў два аўтарскія альбомы: «Я жадаю» (2005) і «Званы» (2007). Цяпер рыхтуе да выпуску новы альбом «Позірк кахання». У яго ўвойдзе і кампазіцыя «Eyes that never lie», з якой выканаўца будзе прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні‑2009»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0