Менскі абласны суд 11 верасьня прызнаў незаконным страйк на «Беларуськаліі», які прайшла 17 і 18 жніўня. Каля будынку суду, дзе людзі сабраліся падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму, затрымалі некалькі чалавек, піша Радыё Свабода.

У страйку на «Беларуськаліі» прымалі ўдзел 620 работнікаў — пра такую колькасьць казалі ў судзе. Дваццаць чалавек працягваюць страйкаваць і адмаўляюцца выходзіць на працу. Некалькі чалавек звольнілі, сустаршыню страйкаму Анатоля Бокуна арыштавалі. Адзін з шахтароў «Беларуськалію» напярэдадні пасяджэньня суду прыкаваў сябе кайданкамі ў шахце — у знак пратэсту супраць дзеяньняў кіраўніцтва.

Яўгенія Котляр з тэлеканалу «Настоящее время» зьвязалася з сустаршынём страйкаму Аляксандрам Новікам, і вось што ён распавёў пра тое, як кіраўніцтва «Беларуськалію» запалохвае пратэстоўцаў.

— Якая наогул абстаноўка на сёньняшні дзень на «Беларуськаліі» ў кантэксьце учорашніх падзей, гісторыі з тым, што адзін з шахтароў прыкаваў сябе ў шахце. Што кажуць людзі, якія настроі, якія ўражаньні?

— Уражаньняў, вядома, маса. Чалавек зьдзейсьніў учынак, пайшоў на кардынальнае рашэньне. Але, зноў жа, асабіста я і ўсе мы бачым толькі словы, пакуль толькі словы. Словы падтрымкі: малайчына і іншае. А адносна канкрэтных дзеяньняў — ну два чалавекі прыйшлі сёньня, далучыліся да страйку. Але гэта кожны дзень мы назіралі: па чалавеку, па два далучаюцца.

— Гэта мала ці многа? Як арганізаваўся гэты страйкавы рух, колькі там людзей, якія патрабаваньні ў людзей, якія прымаюць удзел у гэтых забастоўках?

— Страйкавы рух арганізаваўся 14 жніўня. Намі быў ініцыяваны збор работнікаў «Беларуськалію» з гендырэктарам. Адбылася гэтая размова, водгук людзей быў шалёны. Сабралася вялікая колькасьць людзей каля будынку «Беларуськалію». Гэта была пятніца. Анатоль Бокун — сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» — зачытаў патрабаваньні свайго калектыву, ён работнік першага рудаўпраўленьня. І, грунтуючыся на гэтых патрабаваньнях, па сканчэньні двух дзён — суботы і нядзелі — у гендырэктара было два дні, каб выйсьці на дыялёг і хоць бы паспрабаваць пачаць выконваць гэтыя патрабаваньні.

У панядзелак, 17-га жніўня, на ўсіх шасьці рудніках былі сфармаваныя страйкамы. Туды ўваходзілі выключна працаўнікі прадпрыемства — непрафсаюзныя дзеячы на вызваленых пасадах. Для чаго? Для таго, каб мы мелі права вылучаць палітычныя патрабаваньні. Прафсаюз паводле нашага заканадаўства ня мае права вылучаць палітычныя патрабаваньні, таму страйкамы [складаюцца] выключна з работнікаў прадпрыемства.

Было сабрана каля шасьці тысяч подпісаў за страйк. Работнікаў «Беларуськалію» — каля 16 тысяч. На наступны дзень усе дакумэнты, усе пратаколы страйкавых камітэтаў, копіі подпісаў людзей, якія падпісалі за страйк, былі перададзеныя гендырэктару. Працэдура на гэтым была завершана — страйк абвешчаны. Частка людзей ужо 17-18-га чысла не выходзіла на працу, не спускалася.

Мы сутыкнуліся ў першыя дні з вялікім укідам дэзынфармацыі. Давялося зь ёй змагацца.

— Што гэта была за дэзынфармацыя?

— Казалі аб тым, што страйк незаконны, спасылкі былі на Канстытуцыю, на Працоўны кодэкс. Казалі пра тое, што трэба было прайсьці працэс міратворчы — трэба было паспрабаваць дамовіцца. Яны спасылаліся на тое, што гэтак не было зроблена: «Чаму вы не паспрабавалі дамовіцца». Але, зноў жа, 14-га чысла былі зачытаныя патрабаваньні, і 17-га чысла аб’яўлена забастоўка — два дні для таго, каб з намі выйсьці на дыялёг. Мы лічылі, што гэтых двух дзён для пачатку дыялёгу з боку наймальніка было дастаткова, і вырашылі абʼявіць страйк. Магчыма, пасьпешліва. Быў дапушчаны шэраг памылак намі. Зноў жа, мы звычайныя працаўнікі, усё стыхійна адбылося, у прынцыпе, як і ва ўсёй Беларусі. Ня варта ні пра што шкадаваць. Так, усё гэта было на шалёных эмоцыях. Усё так, як ёсьць, усё нармальна.

Адзінае, што страйк з нашымі патрабаваньнямі быў абвешчаны, а крыху пазьней мы перайшлі ў забастоўку, ужо грунтуючыся на міжнародным праве — пакт ААН «Аб эканамічных і культурных правах людзей», артыкул 1, пункт 1. І ўжо грунтуючыся на міжнародным праве, мы сышлі ў забастоўку. Растлумачу, што гэта. Адмова ад працы па палітычных матывах. Патрабаваньні былі зьмененыя, іх спачатку было сем: чатыры зь іх — палітычныя, тры — адносна працоўнага калектыву «Белкалію». Засталіся чатыры палітычныя патрабаваньні — гэта адстаўка Лукашэнкі, прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі, Ярмошынай, вызваленьне ўсіх палітвязьняў і пачаць працэс над сілавікамі, якія ўжылі празьмерную сілу да народу.

— Сёньня [11 верасьня — РС] праходзіць суд па справе пра страйк шахтароў «Беларуськалію». Кіраўніцтва прадпрыемства падавала ў суд на страйкам шахтароў. Якая наогул камунікацыя паміж удзельнікамі страйку і кіраўніцтвам прадпрыемства? Ці былі нейкія сакрэтныя перамовы, ці спрабавала кіраўніцтва неяк пагаварыць з працаўнікамі?

— З страйкавым камітэтам дыялёгу як такога не было, былі толькі запалохваньні звальненьнем, пазбаўленьнем прэмій. І, як ні дзіўна, людзі гэтага спалохаліся, многія вярнуліся на працу. Хоць, зноў жа, дырэктар казаў пра так званую амністыю: «Калі ласка, вярніцеся на працу — да вас ня будзе нічога ўжыта». Гэта няпраўда. Людзей пазбавілі прэмій, абвясьцілі вымовы, двух чалавек звольнілі. Пасьля таго як яны дзень страйкавалі 17-га чысла, 18-га іх звольнілі, забралі працоўныя кніжкі.

— А зь якіх прычынаў іх звольнілі, кіраўніцтва тлумачыла? Знайшлі нейкія фармальныя прычыны або звольнілі праз тое, што яны адкрыта выказвалі сваю пазыцыю?

— Не, ва ўсіх звольненых людзей — іх цяпер каля дзевяці — прычына адна: за працяглы прагул. Прагулам лічыцца незнаходжаньне на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Фармулёўка ва ўсіх загадах аб звальненьні адна.

— Паводле вашых адчуваньняў, гэтыя пагрозы ад кіраўніцтва, у тым ліку звальненьне нейкіх супрацоўнікаў, паўплывалі ў цэлым на настрой людзей? Вы сказалі, што першапачаткова было сабрана шэсьць тысяч подпісаў — гэта гіганцкая колькасьць людзей. А цяпер вы кажаце, што два чалавекі пасьля ўчорашняй акцыі прыйшлі, каб далучыцца да забастоўкі. Вам здаецца, што гэта ціск з боку кіраўніцтва падзейнічаў?

— Падзейнічаў, так. Людзі баяцца. Я ўжо ня буду казаць, якімі словамі яны гэта называлі на чалавечых эмоцыях. Дарослыя людзі, якія пайшлі за мной, падтрымалі мяне, яны вылучылі мяне ў страйкам, каб я прадстаўляў іх інтарэсы, і потым жа вярнуліся на працу. Яны прасілі прабачэньня, дарослыя людзі, брыгадзіры комплексаў, яны плакалі пры мне, казалі пра тое, што «мы абасраліся».

Так, вялікі страх у людзей заняць актыўную пазыцыю так, як гэта зрабілі мы. Я не чакаў у Салігорску — гэта сыты, «зажравшийся» горад — вялікай падтрымкі, але адначасова я не чакаў, што гэтая падтрымка будзе настолькі малая.

— Як вы думаеце, асабіста на вашу прафэсійную гісторыю гэтая ўся гісторыя з пратэстам паўплывае? Вы пад пагрозай звальненьня знаходзіцеся — людзі, якія актыўна прымаюць удзел у кiроўным камітэце страйкаму?

— Так, паўплывае, вядома. Менавіта сёньня кіраўніцтва першага рудаўпраўленьня — я зьяўляюся работнікам першага рудаўпраўленьня — засядае адносна майго звальненьня. Я скончыў вышэйшую навучальную ўстанову па профілі «Горны электрамэханік». Я, у прынцыпе, тэхнікум скончыў, потым вышку па гэтай самай спэцыяльнасьці. У мяне профіль разьлічаны на горную прамысловасьць. Працую паводле асноўнай прафэсіі як электрасьлесар горнага ўчастку.

Абсалютна ні пра што не шкадую. Нават калі б мяне ня звольнілі, я б звольніўся сам. Я не хачу вяртацца ў «Белкалій», таму што я не ўяўляю знаходжаньня і працы ў сваім калектыве сярод людзей — так, хай яны мяне падтрымліваюць на словах, — але я ўяўляю, што я буду кожны дзень лавіць гэтыя вінаватыя погляды на сабе. Я баюся гэтага, я не хачу мучыць ні сябе, ні людзей. Мая жонка, мае бацькі, цесьць зь цёшчай мяне падтрымліваюць. Я нармальны чалавек, знайду сабе працу, буду ўтрымліваць сямʼю, калі гэта ўсё скончыцца, а яно скончыцца, я веру, перамогай. Перамены настануць у Беларусі. Так, паўплывае, вядома. Але ўсё нармальна, мы ўжо перамаглі ўсе свае страхі перад РУУС, КДБ, звальненьнем. Мы проста працягваем рабіць сваю справу далей.

— Асабіста вам як здаецца, як будуць разьвівацца падзеі ў вашай краіне далей? Вы кажаце, што чакаеце пераменаў. Паводле вашых адчуваньняў, калі гэтыя перамены могуць здарыцца і што для гэтага павінна адбыцца?

— Ёсьць некалькі варыянтаў. Самы мірны, каб не дапусьціць бойні, на што правакуе ўлада, сілавікі — гэта ўсё ж такі сысьці ў страйк, гэта забастоўкі. Я не выключаю нейкіх сілавых узьдзеяньняў з боку народу, таму што ўсё кіпіць, віруе. Адносна міжнароднай супольнасьці — так, вядома, падтрымка міжнароднікаў — гэта добра, але асабіста я моцна на яе не спадзяюся. Я спадзяюся ўсё ж такі на людзей, на працоўных Беларусі, што яны пасьпеюць да гэтага рашэньня і ўсе адбудзецца.

Адносна сытуацыі ў краіне, я, знаходзячыся і працуючы ў Салігорску, разумею, што авангард руху ўсё-ткі ў сталіцы, а ў іншых гарадах — а горад Салігорск важны ў гэтым руху — нам трэба проста працягваць рабіць сваю справу. Кожны дзень правілы гульні мяняюцца, нейкія новыя моманты ўплываюць на нашу працу, таму кожнае раніцу мы зьбіраемся, расстаўляем прыярытэты — што на дадзены момант самае важнае — падзяляем абавязкі і выконваем іх. Ну і вера — безь яе ніяк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?