Смерць аднаго з лідараў маладзечанскай Плошчы, футбольнага фаната Мікіты Крыўцова застаецца адной з галоўных загадак жніўня 2020 года.

Маладзечанскі фанат перастаў выходзіць на сувязь з сям’ёй і сябрамі 12 жніўня. Праз дзесяць дзён яго цела знайшлі ў лесе на вуліцы Парніковай у Мінску. Сілавікі сцвярджаюць, што слядоў гвалту няма, і называюць афіцыйнай прычынай суіцыд. Крымінальную справу па факце смерці пакуль так і не завялі.

Карэспандэнтка «Нашай Нівы» разам з сябрамі хлопца паспрабавала аднавіць храналогію апошніх дзён Мікіты Крыўцова.

9 жніўня, плошча ў Маладзечне

Анжаліка, маці Мікіты, размаўляўла з сынам а 7-й вечара 9 жніўня.

«Я патэлефанавала яму, ён зняў трубку, але не адразу мне адказаў, я чула, як ён гутарыць з кімсьці, казаў, куды камусьці ісці ці нешта такое. Я ў яго запыталася: «Куды ты там каго агітуеш?» А ён мне: «Ой, мама, не хвалюйся, я ў Жодзіне, сядзім з хлопцамі ў кавярні, ссоўваем сталы, зараз пра футбол пагутарым і дадому». Ну я і паверыла, як той лапаць…» — адказвае Анжаліка. Гэта была яе апошняя размова з сынам.

Насамрэч Мікіта ў гэты час быў на плошчы ў Маладзечне. Як і сотні іншых жыхароў горада, ён мірна пратэставаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта тады Мікіта выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам і стаў насупраць ланцуга сілавікоў.

«На плошчы мы былі разам, аднак асабліва не гутарылі. Яшчэ перад тым як пачаўся хапун, я згубіў яго і пасля таго, як ўсё скончылася, не ведаў, дзе Мікіта. Напэўна, ужо пасля апоўначы ён патэлефанаваў, сказаў, што ў Жодзіне. Здаецца, на электрычцы ён даехаў да Мінска, а там яго падвезлі знаёмыя», — кажа сябар Арцём.

Чаму Жодзіна? Тут жыве Алёна, жонка Мікіты, разам з іх дачкой Варварай. Пара знаходзілася ў афіцыйным шлюбе, але збіралася разыходзіцца — адносіны былі складанымі.

«Ну як складанымі… Яны то мірыліся, то разыходзіліся. Пэўны перыяд Мікіта здымаў кватэру ў Мінску, пасля ці то грошай не ставала плаціць, ці яшчэ што, папрасіўся зноў пажыць у Алёны. Мікіта часта казаў, што адчувае сябе ў яе кватэры няўтульна. Алёна ж жыве са сваімі бацькамі», — расказвае адзін з сяброў, які адмовіўся сябе называць.

10 жніўня, плошча ў Мінску

На наступны дзень, 10 жніўня, згадвае Арцём, з Мікітам стэлефанаваліся толькі ўвечары. Мікіта казаў, што быў у Мінску, ледзьве не трапіўся АМАПу на Нямізе. Схаваўся, перачакаў і ў момант, калі званіў Арцёму, зноў вяртаўся ў Жодзіна.

Падчас развітання з Мікітам на стадыёне ў Маладзечне сябры абмяркоўвалі, што хлопец планаваў залегчы на дно. Сябры сцвярджаюць, што хлопец меўся ехаць праз Оршу ў Смаленск. Прасіў, калі яго ад’езд зацягнецца, дапамагаць яму грашыма.

Мікіта Крыўцоў быў не выпадковым удзельнікам дэманстрацый. Ён быў паслядоўны ў сваіх нацыянальных і прадэмакратычных перакананнях. Ён і малую дачку выхоўваў у патрыятычным духу.

Мікіта даўно ўдзельнічаў у нацыянальна настроеным фанацкім руху, удзельнічаў у культурніцкіх і палітычных акцыях. На назе ў яго была татуіроўка з Якубам Коласам.

«На грудзях набіў татуіроўку з гербам горада і надпісам «Толькі Маладзечна». А пад ім — партрэт Максіма Багдановіча. Апошнім часам са мной ён гутарыў толькі па-беларуску», — кажа ягоны сябар Марк.

11 жніўня, размова пра пакаранне дэманстрантаў

«11 жніўня Мікіта патэлефанаваў мне каля дзясятай гадзіны раніцы. Спытаўся, ці ўсё ў мяне ў парадку. Сталі гаварыць пра тое, што ўдзельнікам мітынгаў пагражае тэрмін ад 8 да 15 гадоў. Мікіта пытаўся: «Як ты думаеш, гэта можа быць праўдай?» Дамовіліся быць на сувязі», — кажа Арцём.

Большую частку дня Мікіта нібыта правёў у нейкім бары. Сябры не ведаюць, ці дайшоў ён да працы — хлопец фасаваў спецыі на складзе.

Увечары, калі ў Мінску зноў пачаліся затрыманні, Арцём пазваніў Мікіту, бо меркаваў, што той можа быць на пратэстах. Але тэлефон быў недасяжны. 

12 жніўня, дзень знікнення

«Раніцай 12 жніўня я зноў патэлефанаў. Выклік ішоў, але Мікіта не зняў трубку. І гэта было дзіўна, ён заўсёды здымаў або хаця б ператэлефаноўваў у хуткім часе. А тут званка ад яго не было ні праз гадзіну, ні праз дзве. У 14:30 набраў яму апошні раз. Тэлефон быў недасяжны», — згадвае Арцём. 

«Я вырашыў, што Мікіта ўсё ж трапіў у міліцыю, хаця быў упэўнены, што сам ён на ражон не палезе. Але калі людзей сталі выпускаць, а ён нідзе не знайшоўся, ужо стала трывожна. Я ведаў, што, каб Мікіта з’ехаў з Беларусі, ён бы абавязкова даў пра гэта знаць», — распавядае хлопец.

13 жніўня, таямнічы сведка і дзіўная сустрэча на МКАД

Павел Кухто — родны брат Мікіты. Хлопец жыве ва Украіне і пасля смерці брата апублікаваў у інтэрнэце рэзкі відэазварот, у якім пераконвае гледачоў, што Мікіту забілі.

Павел кажа, што з ім звязаўся знаёмы Мікіты Аляксандр (імя змененае), які 13 жніўня нібыта бачыў хлопца жывым.

Аляксандр сцвярджае, што раніцай 13 жніўня ехаў у Мінск на працу і пабачыў на МКАДзе Мікіту Крыўцова, які ішоў каля дарогі.

Хлопец спыніўся, каб падвезці сябра. Па яго словах, у Мікіты быў цалкам разбіты твар. Ён быў без рэчаў, без мабільніка. Папрасіў тэлефон. Некаму пазваніў, папрасіў папярэдзіць маці, што з ім усё нармальна. Але маці Мікіты пасля казала, што ніхто ёй таго паведамлення не перадаваў.

Аляксандр сцвярджае, што Мікіта распавёў яму гісторыю свайго затрымання — 12 жніўня каля працы яго нібыта схапілі невядомыя. Накінулі мех на галаву і павезлі ў нейкую спартыўную залу, дзе збівалі амаль суткі. Назаўтра з мехам на галаве вывезлі на МКАД.

Мікіта папрасіў у Аляксандра адвезці яго на вуліцу Парніковую, сказаў, што трэба забраць тэлефон і іншыя рэчы. Як вядома, на Парніковай вуліцы пасля і знайшлі цела Мікіты.

Гісторыя Аляксандра выклікае шмат пытанняў. Як можна, едучы па МКАД — а там звычайна хуткасць 90-100 км/г, — пазнаць знаёмага, ды яшчэ і з разбітым тварам? Як увогуле можна ісці пешшу па МКАДзе? Без адказу на гэтыя пытанні верыць у гісторыю складана.

Павел Кухто адмовіўся называць сапраўднае імя Аляксандра і даваць «Нашай Ніве» яго кантакты. Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і маці Анжаліка.

«Я вельмі баюся, што будзе яшчэ адна ахвяра. Вы ж разумееце, што адбываецца ў краіне… Мы сустракаліся з тым хлопцам, ён падрабязна расказаў, дзе бачыў Мікіту, што той узяў тэлефон, каб пазваніць мне. Але мне ніхто не патэлефанаваў. Можа, сын пераблытаў нумар, не ведаю», — кажа яна.

Павел Кухто запэўнівае, што з ім звязваліся хлопцы, якіх у спартыўнай зале збівалі разам з Мікітам. Але імёнаў і кантактаў таксама няма.

«Хлопцы напалоханыя і называць свае імёны не хочуць. Калі справа дойдзе да суда, спадзяюся, яны наважацца назваць сябе і расказаць усё, што бачылі», — кажа брат. 

22 жніўня, цела знаходзяць у лесе

Увечары 22 жніўня цела Мікіты знайшлі ў лесе на вуліцы Парніковай у Мінску.

Непадалёку знаходзіцца дачны кааператыў, і тамтэйшы вартаўнік перыядычна аб'язджае тэрыторыю. Але 22 жніўня машыны не было, таму мужчына вырашыў прайсціся пехам. Менавіта ён выклікаў міліцыю, калі заўважыў цела Мікіты, і зрабіў фота.

На здымку відаць, што Мікіта стаіць на зямлі. Складана ўявіць, як можна скончыць жыццё самагубствам у такой позе. Вартаўнік кажа, што побач з целам ляжаў пень, але следчыя не звярнулі на яго ўвагу і не забралі як рэчавы доказ. У выніку пень нібыта знеслі з сабой бяздомныя, у якіх ёсць «база» ў гэтым лесе.

Вартаўнік кажа, што твару ў Мікіты фактычна не было, але зубы былі цэлыя.

На руцэ быў пярсцёнак — а сябры кажуць, што ён ніколі не насіў ніякага, нават заручальнага. З кішэні шортаў тырчэў пашпарт, а побач з целам валяўся чахол ад тэлефона. Але сябры запэўніваюць, што чахла ў Мікіты ніколі не было.

Маці Анжаліка згадвае першы званок 22 жніўня ад кагосьці з міліцыі — на стрэсе яна не запомніла імя і пасаду.

«Ён шукаў Алёну Крыўцову [гэта жонка Мікіты — «НН»]. Казаў, што ў яе недасяжны тэлефон. Я кажу, што я яго мама. Толькі пасля гэтага мне расказалі пра трагедыю. Але чаму яны тэлефанавалі мне, калі пры ім не было тэлефона? Адкуль узяўся мой нумар? І яны нават не ведалі, што я яго маці! У тэлефоне Мікіты я магла быць запісаная, як мама Анжаліка ці проста Анжаліка», — разважае жанчына. 

«Там усё было няпраўдай… І тое, што яго знайшлі без цялесных пашкоджанняў, і тое, што цела магло прабыць у мінскім парку тыдзень незаўважаным. А калі бацькам адмовіліся наогул паказваць цела для апазнання, сумневаў не засталося: Мікіту забілі. Я ўпэўнены, што яго забілі тыя, хто яго збіваў», — кажа Марк. Ён, як і іншыя людзі ў асяроддзі загінулага хлопца, верыць у гісторыю са збіццём у спартыўнай зале, расказаную Аляксандрам.

Адвакат сям'і Віктар Мацкевіч раіць дачакацца вынікаў дзяржаўнай медыцынскай экспертызы, якая па ўзятых біялагічных матэрыялах Мікіты павінна вызначыць, ці была смерць гвалтоўная, ці знаходзіўся хлопец у стане алкагольнага альбо наркатычнага ап’янення.

«Вынікі экспертызы будуць агучаныя цягам месяца. Да гэтага часу крымнальная справа не будзе заведзеная. Следчы камітэт праводзіць праверку, апытвае знаёмых Мікіты. Мы дамагаемся таго, каб усё было зроблена па законе.

Хачу яшчэ засяродзіць увагу на тым, што бацькам адмовіліся паказваць цела… Дык вось, такое бацькам сапраўды нельга было паказваць! Цела ўжо згніло да костак, у ім былі чэрві. Выглядае, што, сапраўды, цела каля тыдня знаходзілася на спёцы. Вядома, што апазнання ці ўскрыцця быць не магло».

Месяц пасля смерці

Сям’я чакае вынікаў экспертызы, але не верыць у тое, што па яе выніках завядуць крымінальную справу. 

«Мне скажуць, што Мікіта быў п’яны, што быў пад наркотыкамі… Яны што заўгодна могуць сказаць. Я не веру, што калі-небудзь даведаюся пра тое, хто яго забіў, наўрад ці дачакаюся, што той чалавек прызнаецца. Ды нават калі і так, сына мне гэта не верне…

У мяне засталася ўнучка Варка, копія Мікіты. Мы ёй расказалі, што таты больш няма. Варцы яшчэ пяць годзікаў, яна не асабліва разумее, што адбылося, але ў садку ўсім расказвае, што яе тата герой, што ён загінуў за тое, каб Беларусь была вольнай краінай», — плача Анжаліка. 

У гэтыя выходныя па Мікіту 40 дзён.

«У пятніцу з Жодзіна ў Маладзечна прыедуць Алёна з Варай. Не ведаю, як унучка паставіцца да таго, што адвядзем яе на магілку таты. Але яна сама сказала: «Хачу ўбачыць месца, дзе спіць мой тата». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?