Вартая даверу крыніца сярод арганізатараў саміту Ўсходняга партнёрства ў Празе 7 траўня паведаміла Радыё Свабода, што Мінск вырашыў паслаць на саміт дэлегацыю пад кіраўніцтвам першага віцэ‑прэм’ера Уладзіміра Сямашкі.

Удзельнікам дэлегацыі будзе таксама міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Кіраўнік прэс‑службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі

не пацвердзіў «Свабодзе» інфармацыю з Чэхіі аб тым, што беларускую дэлегацыю на саміце 7 траўня ў Празе ўзначаліць У.Сямашка.

«Я пакуль не чуў публічна абвешчанага рашэння. Якое будзе рашэнне — не ведаю, можа, прэзідэнт скажа аб гэтым. Пакуль я не ведаю, хто канкрэтна паедзе ў Прагу, у мяне такой інфармацыі няма. Публічна гэтае прозвішча пакуль не называлася».

Прэс‑сакратар беларускага ўраду Аляксандр Цімашэнка не пацвердзіў і не абвергнуў гэтую інфармацыю. У МЗС Беларусі таксама інфармацыю пакуль не каментуюць.

Еўрасаюз паслаў агульныя запрашэнні на саміт для шасці постсавецкіх краінаў‑удзельніц Усходняга партнёрства, пакідаючы справу персанальнага складу дэлегацый для вырашэння самім зацікаўленым краінам. У выпадку Беларусі Брусель неаднаразова рабіў намёкі, што прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу быў бы вельмі нязручны для іншых удзельнікаў саміту.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0