21-гадовага студэнта мінскага ВНУ жорстка затрымалі ўвечары 12 верасня каля метро «Плошча Перамогі». Момант яго затрымання трапіў у кадры «Нашай Нівы» і TUT.BY. Пасля паездкі ў «бусе без нумароў» з людзьмі ў аліўкавай форме і балаклавах хлопец трапіў у бальніцу, дзе яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, кровазліццё ў мозг сярэдняй ступені, пералом носа і множныя гематомы на целе. Студэнт з Мінска распавёў spring96.org, што з ім адбывалася пасля затрымання на «Плошчы Перамогі» і да таго, як трапіў у бальніцу.

«Мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы»

«Каля паловы на шостую я стаяў ля метро і глядзеў на тэлефоне карту, я збіраўся ісці да сяброў. У гэты час побач было шмат журналістаў. Як я потым даведаўся, у горадзе якраз скончыўся Марш. І ў момант, калі я падняў галаву ад тэлефона, да мяне падбеглі людзі ў аліўкавай форме і балаклавах і ўдарылі ў нос. У бус без нумароў мяне павалаклі з пабітым носам, ішла кроў.

Мяне, як толькі паклалі на падлогу ў бусе, пачалі біць нагамі. Мне адразу прыляцела некалькі ўдараў у твар. Білі кулакамі. Адразу сказалі: «Усё, мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы». Казалі нейкімі агульнымі фразамі. Было відаць, што спрабуюць запалохаць. Нічога канкрэтнага не прад'яўлялі, казалі, што яны нібыта даўно высочвалі мяне. Настойвалі, каб я ў чымсьці прызнаўся. Спрабавалі запалохаць мяне псіхалагічна, каб я прызнаў, што я нейкі каардынатар. Пры гэтым білі ў нагу, у твар, па галаве, па спіне. Хоць я ўжо не памятаю, як мяне білі па спіне, толькі потым знайшоў сінякі ў сябе. Не адчуваў гэтага з-за болю і шоку, напэўна.

У аўтобусе мяне паклалі на падлогу паміж сядзеннямі. З затрыманых я быў там толькі адзін, а сілавікоў пяць. Тэлефон, які заставаўся ў мяне ў правай руцэ, я выключыў і закінуў пад сядзенні. Яны потым знайшлі яго і сказалі: «Глядзі, які хітры, думаў, не знойдзем», зноў білі. Сказалі, што я «добра падрыхтаваны», раз выключыў тэлефон. Потым пачалі «выбіваць» пароль. Патрабавалі пагрозамі і запалохваннем. Я не казаў пароль ад тэлефона, на што яны адказвалі, што я нібыта «наркаман пад дозай». Білі ўвесь час, я крычаў ад болю, спрабавалі ламаць нагу. Спрабавалі разблакаваць тэлефон маім адбіткам пальца. Тыкалі мой палец у металічную штучку на чахле тэлефона, які прызначаны для магніта ў аўто. Калі яны зразумелі, што гэта не «сканер пальцаў», то пачалі тыкаць мае пальцы ў камеру.

«Іншыя сілавікі пачалі сцягваць з мяне шорты і трусы»

Потым у нейкі момант «галоўны», які сеў спераду буса, дастаў дубінку і сказаў: «Ведаеш, куды табе яе зараз засунем, калі ты не скажаш пароль? І ў горла, і згвалцім. Ну давайце, пацаны, пачынаем». У гэты час іншыя сілавікі пачалі сцягваць з мяне шорты і трусы. Я адбіваўся як мог. Спадзяваўся, што яны перастануць. Так і адбылося. Усё абышлося запалохваннямі. Было страшна і непрыемна, але я спрабаваў захоўваць сябе ў руках, наколькі гэта магчыма ў дадзенай сітуацыі.

Палохалі крымінальнай справай і тэрмінам на пяць гадоў. Пыталіся: «Ну што, кепска табе жылося да гэтага?» Я ім спрабаваў данесці, што я не ўдзельнічаў у мітынгах, не выкрыкваў лозунгі, што пацвярджае месца майго затрымання. Аднак, чым больш аргументавана я спрабаваў растлумачыць ім сваю невінаватасць, тым больш яны злаваліся і білі мяне.

У нейкі момант надзелі на рукі сцяжку і зацягвалі ўсё больш і больш. Ад пастаяннага збіцця мне станавілася не па сабе. У бусе я ўжо амаль страціў прытомнасць ці быў блізкі да гэтага. Мяне адразу палілі вадой. Я пачуў: «Хлопцы-хлопцы, не біце пакуль, пачакайце». Мабыць, у іх усё-ткі нейкія межы ёсць. Хаця не ўпэўнены, ці можна назваць гэта межамі з маім дыягназам і іншымі гісторыямі выкраданняў. Ніяк, акрамя як выкраданнем, гэта не назавеш, гэта грубае парушэнне правоў чалавека.

У нейкі момант мы спыніліся. Я пачуў: «Пацаны, вытрыце яго». Увесь гэты час у мяне кроў з носа лілася. Яны выціралі мяне маёй жа кофтай, палівалі вадой. Потым пасадзілі мяне на край парога выхаду з буса. У гэты час да мяне падышоў супрацоўнік з камерай і пачаў задаваць пытанні: «Што ты каардынаваў? Давай прызнавайся!» На што я сказаў, што я нічога не каардынаваў, я проста ішоў.

Так выглядае кофта студэнта пасля затрымання 12 верасня

Так выглядае кофта студэнта пасля затрымання 12 верасня

«А давайце яго пакінем без дзяцей»

Потым вярнуліся ў машыну і зноў пачалі ездзіць па горадзе. Кіроўца мне сказаў: «Ты ж разумееш, што мы можам так ездзіць колькі заўгодна?» Збіццё, запалохванні, пагрозы пры гэтым працягваліся. Напрыклад, казалі: «Такія пачвары, як вы, будзеце рэзаць потым нашых дзяцей». Яны скардзіліся, што на іх ідзе вялікі ціск.

Быў момант, калі я спрабаваў з імі пагаварыць па-чалавечы, на што яны адрэагавалі ўсе адназначна: «Ты што, с*ка, нас запісваеш?» Пачалі біць, распранаць і шукаць нейкі мікрафон, на які я іх нібыта запісваў. Казалі, што калі я ўсё ж іх запісваў, то яны мяне знойдуць. Яны вельмі баяцца, каб іх ніхто ніяк не запісаў.

Чыталі навіны ў тэлефоне, абмяркоўвалі, смяяліся: «Чулі, пацаны, нам застаўся тыдзень, каб звольніцца з сілавых структур, інакш нам канец». Усе пасмяяліся. Відаць, што яны шчыра вераць у дзяржпрапаганду пра «каардынатараў з Літвы і Польшчы».

Пыталіся, ці ёсць у мяне дзяўчына. Калі я сказаў, што няма, то пачалі называць «заднепрывадным». Зноў пачалі пагражаць згвалтаваннем. Сказалі: «А давайце яго без дзяцей пакінем!» Пачалі збіваць, добра, што білі не туды.

На мне быў электронны гадзіннік Samsung. Сілавікі знялі яго і сталі глядзець кантакты. Пыталіся пра некаторыя кантакты, чаму так захаваныя. Калі ўбачылі нумар адваката, то зноў пачалі вінаваціць мяне, што я «падрыхтаваны, быў гатовы да гэтага, каардынатар».

«Калі не скажаш пароль, то ты адсюль не выйдзеш»

Мяне даставілі ў РУУС Першамайскага раёна. Калі я ішоў у будынак, то кульгаў, таму што сілавікі адбілі мне нагу. Яны крычалі, каб я не кульгаў. Сілавікі сказалі мне, што гэта я сам упаў, калі яны затрымлівалі мяне. У РУУС спыталі ў сілавікоў, ці супраціўляўся я, на што яны сказалі, што сам зваліўся спачатку.

Супрацоўнікі міліцыі ў аддзяленні таксама пагражалі мне. Адзін з іх сказаў: «Што, пацаны, пароль ад тэлефона не кажа? А дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа». У самім аддзяленні сілавікі асцярожнічаюць у сваіх дзеяннях. Магчыма, таму што камеры там вісяць. Пагрозы шапталі на вуха. Напрыклад: «Калі не скажаш пароль, то ты адсюль не выйдзеш». Часта на ногі мне там наступалі. Але калі хапалі за валасы і білі ў патыліцу, то спынялі адзін аднаго: «Цішэй, тут не бі».

Калі тэлефанавалі дзяжурнаму на тэлефон і, мабыць, пыталіся, ці дастаўлялі кагосьці ў Першамайскае, ён адказваў: «Сюды нікога не прывозілі, нікога не дастаўлялі». Пры гэтым, там былі дакладна дзве дзяўчыны, якіх таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу. Але іх сілавікі не чапалі, наадварот— жартавалі і какетнічалі з імі.

Калі мяне павёў адзін з супрацоўнікаў у прыбіральню, то спытаў: «Цябе калі-небудзь макалі ва ўнітаз галавой? А хочаш?» Мне так рукі сціснулі сцяжкай тады, што я не мог нават рукі зрабіць «лодачкай», каб памыцца. Я не мог рукі сціснуць, з іх пастаянна выцякала вада. Мяне выціралі капюшонам маёй жа кофты. Спробы запалохвання былі пастаянна. Я часта прасіў лекара, часта казаў, што мне дрэнна. На гэта яны адказвалі: «Скажы пароль — будзе лекар». Часта гулялі ў «добрага і дрэннага копа», прычым, гэта мог рабіць адзін і той жа чалавек: адразу біць, а потым запэўніваць, што ўсё добра. 

У такім выглядзе студэнт апынуўся ў бальніцы

У такім выглядзе студэнт апынуўся ў бальніцы

«У свядомасць мяне прыводзілі антысептыкам»

У той час, як мяне сілавікі білі, запалохвалі, пагражалі, на ногі наступалі, за валасы трымалі, міліцыянты з Першамайскага РУУС нават не глядзелі ў мой бок і не падыходзілі. Яны проста бяздзейнічалі. 

У РУУС сілавікі і міліцыянты спрабавалі даведацца мой пароль ад тэлефона. Былі фразы: «Вось у нас вельмі добрыя хакеры, яны твой тэлефон узламаюць, так што калі ты не скажаш цяпер па-добраму, то будзе па-дрэннаму».

Сілавікі абмяркоўвалі пры мне, што можна мне «прыпісаць» артыкул 205 Крымінальнага кодэкса («Крадзеж»), што я нібыта скраў у аднаго з іх свой жа электронны гадзіннік і тэлефон, раз я пароль не называю, то магчыма, гэта не мой тэлефон. Магчыма, гэта быў жарт, але ўспрымаў гэта я тады не як жарт. Казалі, што я абколаты, наркаман нейкі, у стане алкагольнага ап'янення. 

«Папрасілі, каб хуткая ехала хутчэй і з мігалкамі»

Калі сілавікі з'язджалі з РУУС, то сказалі міліцыянтам не выклікаць мне хуткую дапамогу, бо я нібыта сімулянт. У прытомнасць мяне прыводзілі антысептыкам: пырскалі на рукі, на ватку і на віскі. У бусе і ў міліцыі яшчэ ціснулі на сківіцу, каб прывесці мяне ў прытомнасць. У РУУС прынеслі мне шалік, прабрызганы чымсьці, казалі: «Дыхай-дыхай». Але я ўсё слабей і слабей успрымаў інфармацыю звонку. Хуткую ўсё ж такі выклікалі пасля таго, як убачылі, што я ўжо ледзь сяджу на стуле, звальваюся.

Папрасілі, каб хуткая ехала хутчэй і з мігалкамі, а мяне ў гэты час трымалі, каб я не ўпаў. Калі выклікалі хуткую, то мяне паклалі на падлогу і глядзелі, каб са мной нармальна было ўсё.

Калі прыехала хуткая, то міліцыянтаў цікавіла, ці не сімулюю я. Лекары сказалі, што трэба забіраць мяне. Міліцыянты ў гэты час спрабавалі датэлефанавацца свайму начальніку, каб спытаць у яго, ці забіраць мой тэлефон. Потым супрацоўнікі міліцыі сказалі, што калі цяпер не скажу пароль, то потым мне давядзецца вяртацца ў гэтае аддзяленне. Аднак адказаць у мяне не было сіл, я проста ляжаў у паўсвядомасці. У выніку, мне кінулі мой парваны заплечнік, які быў увесь у крыві, і тэлефон».

Хлопец цяпер знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Лекары паставілі яму дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг сярэдняй ступені цяжкасці, пералом носа, множныя гематомы і пашкоджанні па целе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?