У чалябінскім СІЗА скончыў жыццё самагубствам вядомы расійскі неанацыст Максім Марцінкевіч (мянушка Цясак). У камеры знайшлі запіску, у якой ён просіць перадаць дзённік і асабістыя рэчы грамадзянскай жонцы.

«Наша Ніва» згадвае найбольш цікавыя факты пра Цесака.

Максім Марцінкевіч. Фота Рубеж Севера

Максім Марцінкевіч. Фота Рубеж Севера

Максім Марцінкевіч нарадзіўся ў 1984 у Маскве. Вучыўся ў будаўнічым універсітэце, але яго адлічылі. З арміі яго камісавалі за збіццё азербайджанца. Быў сябрам скінхэдскай арганізацыі «Руская мэта» і так званай Народнай нацыянальнай партыі. Потым стварыў сваю арганізацыю «Фармат-18» (Лічбай 18 неанацысты шыфруюць імя Адольфа Гітлера. Літары A і H адпавядаюць лічбам 1 і 8).

Праславіўся сваімі расісцкімі выказваннямі. Мянушку Цясак атрымаў праз любоў да халоднай зброі.

Першы турэмны тэрмін атрымаў за тое, што разам з паплечнікамі прабраўся на палітычныя дэбаты лібералаў і стаў скандзіраваць фашысцкае вітанне.

Наступная крымінальная справа — за распальванне нянавісці на нацыянальнай глебе. Ён зняў пастановачныя ролікі, у якім нібыта вешаў і разбіраў «таджыка», але аказалася, што ў меху была ялавічына.

Прозвішча Марцінкевіч указвае, што ў Цесака былі беларускія карані, сам ён гэтага таксама не хаваў. Калі ў Расіі гучалі абвінавачанні пра тое, што Цесака нельга лічыць сапраўдным неанацыстам, калі ў яго яўрэйскае прозвішча, то ён падкрэсліваў, што яно ў яго польска-беларускае.

Марцінкевіч часта наведваў Мінск, калі быў на волі. Здымаў відэаролікі пра бяздомных, хіпстараў ці людзей, што носяць на адзенні бел-чырвона-белую сімволіку. Гэта вельмі спецыфічныя фільмы. З боку Цесака ішла стандартная «дакалёбка», маўляў, чаму ў вас такая прычоска? Многія, пабачыўшы амбала, палохаліся і пачыналі гаварыць розную лухту. Усе гэтыя здзекі з людзей ён змяшчаў у інтэрнэт.

Гучнай была гісторыя, калі Максім Марцінкевіч трапіў у СІЗА ў Мінску ў лютым 2013 года. У сталіцу Беларусі Цясак прыехаў рабіць карэкцыю зроку. Але да гэтага прыезду падрыхтаваліся мінскія антыфа, яны купілі вадзяныя пісталеты, але замест вады змясцілі туды мачу. З гэтай зброяй і быў здзейснены напад на Цесака і сяброў. Антыфа лічылі, што пасля такога ў Марцінкевіча будзе нізкі статус на зоне. У выніку неанацысты ў адказ дасталі нажы і газавы пісталет. 

Для Марцінкевіча тая гісторыя скончылася 10 суткамі ў мінскім СІЗА. Сам ён казаў, што ўмовы ўтрымання там значна лепшыя, чым у Расіі: «Тут не мораць голадам, не выбіваюць паказанні, няма каўказцаў. І па амністыі выходзяць рэгулярна».

У Мінск Цясак яшчэ прыязджаў для таго, каб пагуляць у покер у казіно, а таксама злавіць чарговага педафіла. Гэта было хобі і заробкам Цесака апошнія гады на волі, ён заснаваў рух «Акупай-педафіляй», які займаўся пошукам педафілаў у сацыяльных сетках. Калі такога знаходзілі, то Цясак браў інтэрв’ю ў яго на фалаімітатар.

Яшчэ Цесака аб’ядноўвала з Беларуссю сяброўства з Сяргеем Караткіх, ён жа «Малюта». Гэта беларускі неанацыст, які прайшоў праз школу КДБ, быў адным з заснавальнікаў Рускага нацыянальнага адзінства (РНА) ў Беларусі. Потым Малюта з’ехаў ваяваць ва Украіну ў батальёне «Азоў». Атрымаў грамадзянства і падзяку з рук Пятра Парашэнкі. Малюта быў адным з апошніх, з кім перад сваёй гібеллю размаўляў Павел Шарамет.

Цясак захапляўся палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. Казаў, што ў турмы ў Беларусі саджаюць толькі «прадажных лібералаў».

Дзесяцігадовы тэрмін Цясак адбываў у расійскай турме за акцыю «Акупай-наркафіляй», калі яны з таварышамі лавілі наркагандляроў. Падчас адной з такіх аперацый меркаваны барыга памёр. У зняволенні Цясак быў з 2014 года. Налета ён бы ўжо меў права датэрмінова выйсці на волю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?