Прадстаўнікі рабочай групы асацыяцыі «Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў» накіравалі ў Вярхоўны суд пазоў з патрабаваннем зарэгістраваць арганізацыю.
Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з падпісантаў заявы Сяргей Мацкевіч. Дакумент быў пададзены ў суд 29 красавіка.

Прадстаўнікі рабочай групы — Сяргей Мацкевіч, Алесь Бяляцкі і Алег Гулак — просяць Вярхоўны суд прызнаць рашэнне Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі асацыяцыі неправамерным.

Як паведамляў БелаПАН, 9 красавіка заснавальнікі арганізацыі атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства юстыцыі аб тым, што Асамблея недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў не можа быць зарэгістравана.
З пункту гледжання Мінюста, устаноўчы дагавор аб стварэнні асацыяцыі з’яўляецца несапраўдным, паколькі кіраўнікі арганізацый — заснавальнікаў асамблеі падпісалі яе без згоды кіруючых органаў гэтых арганізацый. Таксама Мінюст адзначае, што назва асацыяцыі не адпавядае патрабаванням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказання на прадмет дзейнасці яе членаў.

Яшчэ адной прычынай адмовы ў рэгістрацыі стала тое, што, як адзначыў Мінюст, мэты арганізацый‑заснавальнікаў не супадаюць са статутнымі мэтамі асацыяцыі.

Заяўнікі пазову спасылаюцца на шэраг артыкулаў Грамадзянскага кодэкса і закона «Аб грамадскіх аб’яднаннях». У прыватнасці, абскарджваецца аргумент Мінюста аб тым, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаванням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказання на прадмет дзейнасці членаў асацыяцыі.

Сяргей Мацкевіч паведаміў, што далейшыя спробы рэгістрацыі асацыяцыі залежаць ад рашэння суда. «Калі Вярхоўны суд адменіць рашэнне Мінюста, то ёсць сэнс у паўторнай спробе рэгістрацыі. Калі не, то ў Беларусі становіцца немагчымай рэгістрацыя любой асацыяцыі, не толькі нашай», — сказаў ён.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0