Доктар мінскага АМАПа пагутарыў з «Камсамолкай» на ўмовах ананімнасці.

Паводле яго слоў, на супрацоўнікаў зараз ідзе псіхалагічны ціск, байцы нумары тэлефонаў мяняюць, іх бацькоў абразамі і пагрозамі даводзяць да гіпертанічных крызаў.

Са слоў лекара, амапаўцы разумеюць, што асноўная маса людзей на мітынгах — мірныя, «але там заўсёды ёсць і грамадзяне, якія выходзяць з іншымі мэтамі. Іх задача — разгайдаць і абвастрыць сітуацыю, а потым — знікнуць, каб пад удар у адказ трапілі выпадковыя людзі».

Ён кажа, што 9 жніўня, калі дэманстрант заскочыў на аўтазак, учапіўшыся за люстэрка, а потым упаў, «натоўп ламануўся на байцоў». «Тады ўпершыню і былі вымушаныя прымяніць святлошумавыя гранаты — калі б гэтага не зрабілі, рэдкі ланцуг АМАПа ў тым месцы проста расціснулі б». Таксама ён сцвярджае,што «калі мы адыходзілі і наступала зацішша, бутэлькі ляцелі ўжо з вокнаў жылых дамоў».

Жанчын АМАП пачаў затрымліваць, па словах лекара, таму, што яны «не толькі зрываюць маскі з асоб, але і драпаюць пазногцямі».

А як жа паведамленні аб жорстка збітых у аўтазаках і СІЗА?

Доктар запэўнівае, што гэта не АМАП. «АМАП працуе толькі на вуліцах. Затрымалі, перадалі ў аўтазак, усё — праца АМАПа скончаная. Але людзі лічаць, што мы ўсюды».

Ён наракае, што некаторыя цывільныя калегі-лекары негатыўна настроеныя: «Нядаўна наш супрацоўнік паехаў у адну з бальніц Мінска, а яму кажуць: «Амапавец? Едзь у сваю!» І адмовілі ў лячэнні».

Таксама ён абвяргае чуткі аб тым, што амапаўцам «плацяць па 1000 рублёў у дзень» і даюць метамфетамін (наркотык псіхастымулюючага дзеяння).

«Некаторым супрацоўнікам я ўжо пасля сутыкненняў раіў прыняць фенібут і адаптол — заспакаяльнае, якое прадаецца без рэцэпту. Людзі працуюць у вялікім стрэсе…» — кажа доктар мінскага АМАПа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0