Пра гэта палітвязень паведаміў у лісце, які даслаў з-за кратаў журналістцы «Новага часу».

Палітвязня вадзілі на першы і пакуль што апошні допыт (ён адмовіўся даваць паказанні). Ён згадаў, што ў той дзень праходзіў міма камеры, у якой 22 гады таму, у 1998-м годзе, пакаяўся і прыняў Хрыста.

 «Таму гэтую «камандзіроўку» ўспрымаю як маршрут у духу апостала Паўла — для малітвы, сведчання і напісання працягу «Беларусаліма»», — зазначае Павел Севярынец.

Нагадаем, пакуль ён за кратамі, выйшла другая частка гэтага раману. Палітык піша, што на Валадарцы чытае «Новы Час», акрамя таго, пару разоў на тыдзень «моўчкі выдаюць» «Советскую Белоруссию»».

Ён распавядае, чым займаецца, пакуль знаходзіцца пад следствам: моліцца, піша, адказвае на лісты — пакуль атрымаў іх каля 20. Палітык зазначае, што настрой у яго бадзёры, стан здароўя нармальны: жонка Вольга перадала лекі, бо пасля карцару на Акрэсціна запаліліся суставы. Цяпер Павел Севярынец паправіўся.

Ад Следчага камітэта палітвязень атрымаў адказы на свае звароты аб сустрэчы са святаром. «Для дазволу спатканняў «няма прычын», і для адмовы сустрэчы са святаром «няма прычын», але паколькі тут каранцін, святара пакуль не будзе». Але палітык не губляе бадзёрасці духу і заклікае верыць і спадзявацца. Ён перакананы, што ўсё будзе добра, бо ў Беларусі дзейнічае Бог. «Справядлівасць, праўда, свабода стануць нормай жыцця — бо хлусня, здзек і гвалт нормай быць не могуць», — піша Павел Севярынец.

Нагадаем, Паўла Севярынца затрымалі больш як тры месяцы таму, 7 чэрвеня, падчас пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі.

З гэтага часу палітык знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсціна, дзе яму дадавалі ўсё новыя адміністрацыйныя арышты. Амаль увесь час ён правёў у карцары. 20 жніўня стала вядома, што на Севярынца заведзена крымінальная справа, яго абвінавачваюць паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).

Лісты Паўлу Севярынцу можна пісаць на адрас: СІЗА №1, вул. Валадарскага,2, Мінск, 220050.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0