7 верасня «нацыянальную прэм’еру» стужкі абвясціў тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу», але аўтары заклікаюць гледачоў дачакацца паўнавартаснага паказу на вялікім экране. Не выключана, што ён адбудзецца ў найбліжэйшы час на кінафестывалі «Лістапад».

Выразных намераў праваўладальнікі не выказваюць.

«Купала» ў любым разе будзе паказаны ў Беларусі, але наконт тэрмінаў я баюся нешта гарантаваць, — кажа дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Карачэўскі. — Найбліжэйшы месяц мы будзем ацэньваць сусветную сітуацыю з фестывалямі і пракатам».

Кінастудыя ўсё яшчэ разлічвае на ўдзел карціны ў буйных фэстах, бо «чым большы ў «Купалы» там будзе рэзананс, тым большы будзе яго творчы і фінансавы поспех». «Паказваць дзеля паказу мне нецікава, — настойвае Карачэўскі. — Хочацца, каб праект меў іміджавую гісторыю, усё ж не так часта ў нас з’яўляюцца ўдалыя фільмы».

Па словах дырэктара кінастудыі, зліў стужкі ў тэлеграм на планы ніяк не ўплывае. Больш за тое, няма нагоды казаць, што «Беларусьфільм» рызыкуе панесці праз гэта фінансавыя страты.

Здымкі «Купалы» ў Мінску. Фота Сяргея Гудзіліна

Тым часам ёсць верагоднасць, што прэм’ера «Купалы» адбудзецца ўжо на кінафестывалі «Лістапад», які мае прайсці ў Мінску з 6 да 13 лістапада.

«Мы гэтаму адкрыты, наша прапанова ў сіле, рашэнне непасрэдна за аўтарамі фільма, — каментуе праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў. — Апроч складанасцяў, якія суправаджаюць праект, — а лёс іграе з ім у вельмі мудрагелістую гульню, — ёсць яшчэ жаданне кінастудыі правесці прэм’еру на буйным кінафестывалі. Дагэтуль каранавірус псаваў планы і тэрміны паказу адсоўваліся, але ці так гэта альбо ёсць іншая прычына, можна толькі здагадвацца. Цяпер мы знаходзімся на стадыі перамоў з аўтарамі».

Рэжысёр карціны Уладзімір Янкоўскі кажа, што не прымае датычныя праекта рашэнні, але лічыць, што прэцэдэнт са злівам чарнавой версіі ў сеціва служыць толькі рэкламай фільму: «Гэта не сапсуе пракат «Купалы», у Галівудзе такіх прыкладаў — сотні. Наадварот, цяпер фільм можа выклікаць інтарэс нават у тых, хто пра яго і не чуў.

Прычым завершаная версія, паверце мне, у пяцьдзясят разоў лепшая за тую, што ёсць у сеціве. Я рабіў гістарычную карціну пра вялікага паэта, гэта фільм пра нашу радзіму, якая заўсёды змагалася за незалежнасць. Я не чакаў, што ў нас адбудуцца падзеі, у якіх «Купала» стане яшчэ больш актуальны».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?