Міхаіл Грабоўскі (у чырвоным) спрабуе пачаць беларускую атаку.
Зборная Беларусі па хакеі правяла першы матч на другім этапе чэмпіянату свету.Яе супернікам была нацыянальная каманда Нарвегіі, якая заняла трэцяе месца ў групе «D». Дарэчы, гульня ў Клатэне пабіла рэкорд самай нізкай наведвальнасці на гэтым першынстве.
І хоць букмекеры адназначна ставілі на перамогу нашых хлопцаў (каафіцыент на выйгрыш беларусаў складаў 1,4 да 1, нарвежцаў — 5,2 да 1), гульня выдалася вельмі цяжкай.Між іншым, сёлета гэта ўжо не першая гульня каманд. Напярэдадні чэмпіянату ў французскім Грэноблі беларусы прайгралі супернікам — 4:6, ужо тады варта было насцярожыцца.
Сёння асабліва правальным для нас аказаўся першы перыяд. Ужо на сёмай хвіліне Патрык Торэсэн выкарыстаў няўдалы пачатак атакі брамнікам Андрэем Мезінам — 0:1. Скандынавы яшчэ некалькі разоў маглі запаліць чырвонае святло за нашымі варотамі, але наступнымі разамі Мезін быў бездакорны.
Затое лік нарвежцам атрымалася падвоіць у другім перыядзе. Колькасную перавагу рэалізаваў Матс Труг. Добра што амаль адразу беларусы змаглі адну шайбу адыграць, намаганнямі Аляксея Ўгарава.
Ужо ў трэцім перыядзе нашым атрымалася прыбраць гульні да сваіх рук. У самым пачатку апошняй трэці Міхаіл Грабоўскі ўдала выкаціўся на пятачок і лік зраўняў — 2:2. У далейшым абедзве каманды маглі выявіць пераможцу яшчэ ў асноўны час, але зноў спатрэбіўся овертайм.
І калі ўжо, здавалася, гульня абавязкова скончыцца ў серыі булітаў, наш самы дасведчаны абаронца Руслан Салей, за 25 секунд да сірэны, змог прапіхнуць шайбу ў нарвежскую браму — 3:2.
Найлепшым гульцом матчу ў складзе нашай зборнай быў прызнаны Аляксей Калюжны, на рахунку якога дзве галявыя перадачы. Такім чынам, беларусы ў гульні набралі два пункты, а нарвежцы — адзін.
Турнірная табліца ў нашай групе выглядае наступным чынам: Канада, Фінляндыя — па 6 пунктаў (2 гульні), Беларусь — 4 (3), Чэхія — 3 (2), Славакія — 1(2), Нарвегія — 1 (3).
Сёння вечарам у нашай групе сустрэнуцца Канада — Чэхія. Нашы наступную гульню правядуць 2 траўня з фінамі. Пачатак а 21:15.