12 верасня медыкаў Ангеліну Адамоніс і Валянціну Харытонаву затрымалі на жаночым маршы, а пазней асудзілі кожную на 11 сутак, паведамляе «Еўрарадыё».
Ангеліна Адамоніс — цытагенэтык РНПЦ дзіцячай анкалогіі, спецыяліст у галіне спадчынных захворванняў і паталогій.
«Яны павінны займацца лячэннем дзяцей, а не сядзець у камерах, — абураецца яе брат Аляксандр. — Іх затрымалі ў самым пачатку маршу. Яны падышлі ў раён станцыі метро «Грушаўка» і праз 15 хвілін апынуліся ў аўтазаку. Дзяўчат акружылі сілавікі і сталі «выдзіраць». Ангеліна сказала, што затрыманне было жорсткае, але ў аўтазаку не білі».
Ангеліна Адамоніc / vk.com
Пасля затрымання Ангеліна і Валянціна правялі двое сутак у мінскім ізалятары на завулку Акрэсціна. 14 верасня іх судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі 11 суткамі адміністрацыйнага арышту. Затым перавезлі з Мінска ў Жодзіна.
«Ангеліна падпісала пратакол. Валянціна не падпісала, выклікала адваката. Але абедзвюм далі па 11 сутак. Я падаў скаргу на перагляд прысуду, папрасіў, каб у РНПЦ напісалі ад імя дырэктара хадайніцтва, што дзяўчаты працуюць у цэнтры — адзіным такім у краіне», — паведаміў Аляксандр Адамоніс.
Ангеліна і Валянціна павінны выйсці з ізалятара 23 верасня.