Расійская газета «Ведамасці» апублікавала вялікі артыкул на тэму вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Аўтары прааналізавалі даступныя пратаколы па ўчастках і прыйшлі да высновы, што Лукашэнка такі «мог набраць 50,8%, а Ціханоўская — 38,3%».

Даследчык Андрэй Елісееў рашуча пярэчыць: расійскія журналісты не разумеюць прынцыпаў правядзення беларускіх выбараў, таму дапусцілі прапагандысцкую маніпуляцыю.

Святлана Ціханоўская на выбарчым участку ў дзень галасавання. Фота Надзеі Бужан

У базе сістэмы «Голас» ёсць вынікі галасавання па 1310 участках (з існуючых 5767 участкаў), дзе камісіі вывесілі пратаколы.

Аднак пры аналізе варта адкінуць прыкладна 400 участкаў, дзе колькасць дасланых бюлетэняў за Ціханоўскую перавысіла афіцыйную колькасць галасоў за яе на ўчастку. Яшчэ можна праігнараваць каля 620 участкаў, на якіх незалежныя назіральнікі зафіксавалі парушэнні.

Такім чынам, застаецца 288 участкаў «без парушэнняў». І вось менавіта іх вынікі даследчыкі з «Ведамасцяў» расцягнулі на ўсю краіну і атрымалі патрэбны вынік — мінімальная перамога Аляксандра Лукашэнкі ў першым туры.

Андрэй Елісееў катэгарычна не згодны з такой метадалогіяй. Ён звяртае ўвагу на тое, што нават калі незалежныя назіральнікі маглі прысутнічаць на ўчастку ў некаторыя дні датэрміновага галасавання, то яны не былі дапушчаныя на падлік галасоў. А значыцца, лічыць такі ўчастак «чыстым» нельга.

Іншая анамальнасць беларускіх выбараў — шалёныя лічбы датэрміновага галасавання. Адсачыць, што адбывалася з гэтай масай бюлетэняў (афіцыйна — сярэднія 40% па краіне), немагчыма.

«Я прааналізаваў усе пратаколы і магу з абсалютнай упэўненасцю сказаць, што з усяго сабранага «Зубром» комплексу пратаколаў з больш-менш рэальнымі вынікамі — не 600+ і не 200+, а ўсяго каля, а то і менш за 100», — мяркуе Елісееў. Астатнія пратаколы ён называе скажонымі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?