spring96.org

spring96.org

Увечары 17 верасня ў Мінску была затрымана каардынатарка валанцёрскай службы пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыя Рабкова. Разам з ёй быў затрыманы яе муж Вадзім Жаромскі. Праз некалькі гадзін яго адпусцілі, піша spring96.org.

Прыкладна каля 9-й гадзіны вечара Марыя і Вадзім вярталіся дамоў па вуліцы Ціміразева. Пасярэдзіне вуліцы спыніліся некалькі бусаў, адтуль выбеглі людзі і паклалі іх тварам у асфальт.

Ім паведамілі, што затрымалі іх у межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці).

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК).

Марыю і Вадзіма пасадзілі ў розныя мікрааўтобусы, Вадзіма павезлі ў кватэру на ператрус. Падчас ператрусу забралі тэхніку, асабістыя рэчы, грошы на вучобу. Пасля гэтага Вадзіма павезлі на допыт у ГУБАЗіК, вадзілі па калідорах з мехам на галаве.

Пагражалі, што павязуць у ізалятар часовага ўтрымання, але раптам адпусцілі, сказаўшы, што на наступны дзень у яго адбудзецца допыт.

Марыя Рабкова дагэтуль затрыманая. Дзе яна дакладна, — ці яшчэ ў будынку ГУБАЗіК, ці яе перавялі ў іЧУ, — дагэтуль невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0