Днямі кандыдат біялагічных навук Канстанцін Земаглядчук праславіўся ў інтэрнэце пасля рэзкага выказвання ва «УКантакце».

У допісе на сваёй старонцы ён эмацыйна паскардзіўся, што праз пратэсты пазбавіўся субсідыі для шматдзетных сямей, якая яму як бацьку траіх непаўнагадовых давала магчымасць пабудаваць жытло на льготных умовах. А вінаваты ў гэтым… бел-чырвона-белы сцяг:

«Але прыйшлі бчб-басцюкі, зладзілі ў краіне бучу, і праз іх бюджэт не далічыўся вялікай сумы грошай. Што ж, будзем нявызначаны тэрмін працягваць жыць упяцёх у адным маленькім пакоі, таму што сваіх грошай на будаўніцтва жытла ў мяне няма… Раней я ставіўся да бчб дастаткова нейтральна. Цяпер жа я іх проста ненавіджу», — напісаў Канстанцін.

 

Допіс Канстанціна спарадзіў вялікую хвалю негатыўных каментароў, з ім пачалі спрачацца калегі, і гаспадар старонкі вымушаны быў зрабіць яе прыватнай. Але пры асабістай сустрэчы з «Нашай Нівай» пагадзіўся патлумачыць сваю пазіцыю больш дэталёва.

Канстанцін паходзіць з Баранавіч. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Нейкі час працаваў на радзіме, у Баранавіцкім універсітэце. Цяпер жыве з сям’ёй у трохпакаёўцы ў Барысаве: жонка, яе бацькі, трое дзяцей 5, 8 і 13 год. З Барысава амаль штодзень ездзіць на працу ў Мінск: у БДПУ мужчына выкладае заалогію хрыбетных на 1 і 2 курсах. Жонка працуе метадыстам на станцыі юннатаў.

Мужчына быў вельмі здзіўлены, што яго пост выклікаў такі рэзананс:

«Я не асабліва актыўны ў інтэрнэце, сяджу ў сацыяльных сетках, каб там падтрымліваць камунікацыю са студэнтамі. Але два апошнія месяцы ва «УКантакце» шмат што пісаў. Канструктыўных дыялогаў з іншымі карыстальнікамі звычайна не атрымлівалася, часцей за ўсё я ў свой бок чуў толькі абразы. І цяпер на мяне зноў зваліўся шквал тролінгу. Я разумею, што напісаў пост на эмоцыях. Але і людзі хай зразумеюць: напярэдэдні мяне выклікалі ў гарвыканкам. Кажуць, што будуецца дом для шматдзетных спецыяльна — вось вам накіраванне на будаўніцтва і дакументы, чакайце званка. І літаральна праз некалькі дзён у навінах сказалі, што Беларусбанк прыпыняе выплаты субсідый». 

Прэс-служба Беларусбанка сапраўды паведаміла, што прыпыняе прыём новых заявак на выдачу крэдытаў на будаўніцтва або рэканструкцыю жылых памяшканняў з выкарыстаннем субсідыі на яго пагашэнне па ўказе №240. Калі такая магчымасць будзе адноўлена, пакуль невядома. І Канстанцін упэўнены, што магчымасці атрымаць субсідыю яго пазбавілі менавіта дзеянні пратэстоўцаў:

«Па-першае, у выніку пратэстаў у Беларусі санкцыямі перакрылі доступ да міжнародных выплат. Па-другое, недзе чытаў у інтэрнэце, што праз пратэсты Беларусь ужо згубіла каля 500 мільёнаў даляраў (гаворка ідзе пра лічбу шкоды ад пратэстаў, якую назваў памочнік прэзідэнта Валерый Бельскі — «НН»). Мы нясём вялікія страты. Пры гэтым патлумачу: я не выступаю за Лукашэнку, я разумею, што наша эканоміка і раней была ў кепскім стане. Але Лукашэнка мае магчымасць, калі што, збегчы ў Растоўскую вобласць, яму будзе хапаць сродкаў да канца жыцця. А мы, простыя людзі, асабліва бюджэтнікі, патонем. Мы самі рубім сук, на якім сядзім».

Пры гэтым Канстанціна абурае, што на пратэст выходзяць якраз людзі, якія добра жывуць і зарабляюць.

«Напрыклад, адзін знаёмы чалавек атрымлівае заробак у тры разы большы, чым мае 1000 рублёў, займае кіруючую пасаду, ездзіць за мяжу. Ці іншы ў Барысаве павесіў бел-чырвона-белы сцяг на шыкоўны дом, у яго вытворчасць мэблі, шмат машын. Я на гэтых людзей гляджу і не разумею: чаго вам не хапае? Мне хаця б далі месца, дзе мае дзеці маглі б жыць, а ўсяго астатняга я ўжо дасягну сам», — наракае ён. 

Сам Канстанцін не далучыўся да пратэстуючых і заняў трэцюю, нейтральную, пазіцыю па некалькіх прычынах:

«Па-першае, мітынгоўцы выходзяць на вуліцы з недзяржаўным сцягам, які не адлюстроўвае погляды ўсіх беларусаў. Калі я бачу такі сцяг на вуліцах, я адразу ўяўляю нашыўкі на руках паліцаяў. Мой сцяг — чырвона-зялёны. Па-другое, у пратэстоўцаў няма канкрэтных лідараў, планаў і праграмы. Каардынацыйная рада? Давайце шчыра: уся яе дзейнасць трапляе пад артыкул пра захоп улады. Трэба стварыць нармальную палітычную партыю, якая б не была заплямлена адкрытым супрацьстаяннем з уладай, і балатавацца ў парламент. А лепш некалькі палітычных партый! Патрэбная ідэя, пад якой маглі б падпісацца ўсе беларусы! Ідэі не пасадзіш у турмы».

На просьбы выказацца наконт фальсіфікацый на выбарах і гвалту з боку сілавікоў ў дачыненні да мірных грамадзян суразмоўца адказаў сціпла: «У мяне такіх фактаў няма».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?