18 верасня у Смалявічах адбылося жудаснае здарэнне: мужчына падпаліў сябе каля мясцовай міліцыі.

«Наша Ніва» высветліла асобу мужчыны і пагаварыла з яго сваякамі — яны кажуць, што прычынай трагічнага ўчынку, найхутчэй, стаў алкаголь.

Сяргею Радчэню 36 гадоў, ён родам з-пад Смалявічаў.

Нарадзіўся Сяргей у вёсцы Задомля, жыў апошнім часам у суседніх вёсках. Працаваў у «Віталюры» камплектоўшчыкам.

Адгукаюцца пра яго па-рознаму. Хтосьці з мясцовых крыкам крычыць: «Ён алкаголік!» Старшыня сельсавета Дзмітрый Кудзін адгукаецца пра Радчэню больш пазітыўна: «Ну, выпіваў. Але хто не п’е?»

Некалькі дзён таму Сяргей Радчэня пазваніў у міліцыю і паведаміў, што збіраецца павесіцца на могілках у вёсцы Прылепы. Тады яго выратавалі.

«Зараз паўсюль пішуць пра палітыку — гэта няпраўда. Усё адбылося на фоне алкаголю, — кажа «Нашай Ніве» Алена, сястра Сяргея. — Ён быў нармальны чалавек, калі не піў. Але калі хоць трохі пацягне — усё, бяда. Пастаянна штосьці адбывалася, калі вып’е. Ён і ў Навінках ужо ляжаў праз алкаголь.

Апошнім часам Сяргей так сябе паводзіў, што мама прасіла ўчастковага, каб яго забралі, паклалі зноў у Навінкі хаця б».

Сваякі Радчэні вінавацяць міліцыю: маўляў, чаму раней не забралі? Чаму пасля адпусцілі? Але ж на пытанні, чаму яны самі нічога не зрабілі, сястра адказаць не можа. Спасылаецца на тое, што Сяргей пагражаў сур'ёзнымі наступствамі, калі яго яшчэ раз здадуць у Навінкі. 

Раней Сяргей жыў з жанчынай «грамадзянскім шлюбам». Не так даўно нарадзілася дачка. Пара здымала жыллё ў вёсцы Слабада, але не склалася — у выніку раз’ехаліся.

Сяргей вярнуўся ў Задомлю, у матчын дом. Сужыцелька забрала дачку і паехала да сваіх бацькоў.

«Ці не піла сужыцелька? А хто не п’е ў наш час!?», — кажа пра яе Алена Радчэня.

Шмат хто мяркуе, што расстанне таксама магло паўплываць на Сяргея.

«Ён жа калі спрабаваў здзейсніць суіцыд на могілках, то сам казаў міліцыі, што не хоча жыць. Казаў, што жыццё не склалася», — расказвае старшыня сельсавета.

Пасля таго, як Сяргея забралі з могілак, яго ноч пратрымалі ў міліцыі, кажа сястра. Раніцай ён выйшаў, увесь дзень адсыпаўся. Пасля паехаў на працу, была начная змена.

«Сёння раніцай ехаў з працы, званіў маці. Не ведаю, пра што гаварылі, але мама мне перазваніла пасля і кажа: «Усё, Сярожа едзе дадому ўжо п’яны», — кажа сястра мужчыны.

Але дадому Радчэня не даехаў. Замест гэтага ён абліўся бензінам і падпаліў сябе пад будынкам смалявіцкай міліцыі.

Сястра кажа, што ніякай запіскі ён не пакінуў.

Цяпер Сяргей у рэанімацыі. Па розных дадзеных, у яго 80—90% апёкаў цела, апёкі дыхальных шляхоў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?