Расейскія пранкеры разыгралі кіраўніка Еўрапейскага парламента Давіда Сасолі, патэлефанаваўшы яму ад імя Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы. Аўдыёзапіс размовы апублікаваў у YouTube пранкер Аляксей Сталяроў, вядомы як Лексус.

Ролю Ціханоўскай выканала дзяўчына-пранкер. У размове Сасолі заявіў, што Еўрапарламент вельмі занепакоены сітуацыяй у Беларусі, а таксама спытаў, як сябе адчувае экс-кандыдат у прэзідэнты. Ён запрасіў Ціханоўскую прыехаць у Еўрапарламент і паабяцаў абмеркаваць магчымасць такога візіту з кіраўніком Камітэта па знешняй палітыцы Дэвідам Макалістэрам.

Пранкеры ад імя Ціханоўскай пацікавіліся, ці мае намер Еўрапарламент уводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі і якія менавіта.

У адказ на гэта Сасолі зноў запрасіў Ціханоўскую на сустрэчу ў пачатку кастрычніка.

Ад імя Наўседы пранкер сказаў Сасолі, што нібыта ўдалося ўсталяваць неафіцыйную сувязь з прэм'ерам Беларусі Раманам Галоўчанкам, а ва ўрадзе і парламенце многія падтрымліваюць Ціханоўскую і чакаюць «зручнага моманту, калі пазіцыі Лукашэнкі канчаткова аслабнуць». Сасолі назваў гэта «вельмі цікавай інфармацыяй».

Пазней пранкер Уладзімір Кузняцоў, вядомы як Ваван, распавёў РІА Навіны, што ідэя разыграць кіраўніка Еўрапарламента прыйшла пасля паведамлення аб падрыхтоўцы пакета еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі.

Пранкер Ваван у 2014 годзе разыграў Лукашэнку, пазваніўшы яму ад імя сына зрынутага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

Фота на галоўнай старонцы: Укантакце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0