Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

«Сцяпан Латыпаў затрыманы па падазрэнні ў арганізацыі незаконнага канала пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў. Падчас праверкі выявілася, што ядахімікаты, якія ўвозіліся пад выглядам тавараў народнага спажывання, — небяспечныя атруты. Следства высвятляе, навошта яны Латыпаву», — заявілі на АНТ, піша Tut.by.

У сюжэце паведамляюць, што Латыпаў 94 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, сем гадоў таму супраць яго распачыналі справу аб махлярстве, а цяпер — за арганізацыю масавых беспарадкаў. Паводле звестак канала, падчас ператрусаў выяўленыя «рэчывы, якія ўяўляюць небяспеку». У эфіры паказалі ёмістасці з нейкімі рэчывамі.

Невядомы аператыўны супрацоўнік ГУБАЗіК МУС, які стаіць спінай да камеры, заявіў, што Латыпаў — адзін з каардынатараў і актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў у Мінску.

— Акрамя таго, праз інтэрнэт-месенджары, сацыяльныя сеткі асабіста ён займаўся зборам грошай на падрыўную дзейнасць па дыскрэдытацыі ўлады і органаў кіравання, супрацоўнікаў міліцыі, арганізоўваў несанкцыянаваныя акцыі ў сталіцы па размяшчэнні на фасадах будынкаў забароненай сімволікі і муралаў. З дапамогай спецыяльных тэхнічных сродкаў зафіксаваныя звесткі аб намерах фігуранта прымяніць прэпараты першага класа небяспекі, якія змяшчаюць яд дыфасфін, супраць супрацоўнікаў міліцыі і іншых асоб, інфармацыя пра якія размешчана ў адным з дэструктыўных тэлеграм-каналаў, — кажа невядомы супрацоўнік.

— У прыватнасці, выношваў планы апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх зямельныя ўчасткі і дачы, развеяць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПа і ўнутраных войскаў падчас пратэсных акцый, каб вывесці тых з ладу, як ён сам выказаўся, каб «зашліся блявоцінай», — працягвае аператыўнік.

Тэлеканалы прыводзяць запіс тэлефоннай размовы, дзе, па версіі аператыўнікаў, адзін з абанентаў Сцяпан Латыпаў, які нібыта кажа пра гэтыя намеры.

У сюжэце паказалі і самога Латыпава. Мужчына кажа, што адчувае сябе прыгнечаным і гатовы да супрацоўніцтва са следствам.

Нагадаем, Латыпава затрымалі 15 верасня ў вядомым двары дома па Смаргоўскім тракце. Затрыманне мужчыны трапіла на фота і відэа. Яго затрымалі пасля таго як ён настойліва патрабаваў прадставіцца ад асоб без апазнавальных знакаў, якія зафарбоўвалі мурал з «дыджэямі перамен».

Пазней у кватэры мужчыны прайшоў ператрус, а потым яго павезлі на Акрэсціна — як паведаміў адвакат, па падазрэнні па артыкуле 293 КК (Масавыя беспарадкі).

Сцяпану Латыпаву 40 гадоў, раней ён казаў, што ў яго ёсць ІП, якое «займаецца працамі, звязанымі з высокай рызыкай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0