У канцы жніўня Аляксандр Лукашэнка паабяцаў Польшчы і краінам Балтыі зладзіць лагістычную блакаду ў адказ на санкцыі супраць 30 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку самога Лукашэнкі. Перш за ўсё ён заявіў пра намер адмовіцца ад выкарыстання Клайпеды для экспарту беларускай прадукцыі. Пасля гэтых заяў прайшло тры тыдні. Што ўжо зроблена на практыцы? Піша TUT.by.

Што сказаў Лукашэнка і што ёсць на самой справе

28 жніўня Лукашэнка даручыў ураду ўнесці прапанову аб пераарыентацыі ўсіх гандлёвых плыняў з партоў Літвы на іншыя.

— Вось мы і паглядзім, як яны будуць жыць. 30% літоўскага бюджэту фарміруюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажраліся. Таму паставім на месца, — сказаў ён.

У рэчаіснасці ж сітуацыя некалькі іншая. Так, паводле ацэнак галоўнага эканаміста Swedbank Нерыюса Мачуліса, беларускія таварапатокі фарміруюць не 30% літоўскага бюджэту, а каля 0,03%.

З ім салідарны і галоўны эканаміст банка Luminor Жыгімантас Маўрыцас, піша atviraklaipeda.lt. Увесь літоўскі экспарт транспартных паслуг у Беларусь (уключаючы і дарожны транспарт) у 2019 годзе дасягаў 380 млн еўра, гэта значыць каля 0,8% ВУП», — напісаў ён у сацыяльных сетках.

Эксперты дапускаюць, што Лукашэнка пераблытаў бюджэт Літвы і беларускі грузапаток праз Клайпедскі порт. Беларускі транзіт заняў каля 30,5% (14,1 млн з 46,3 млн тон) агульнага аб'ёму перавалкі грузаў у літоўскім порце за 2019 год.

Развярнуць угнаенні з Клайпеды будзе крытычна

Пры гэтым варта сказаць, што Беларусь больш за ўсё адгружае праз Клайпеду ўгнаенняў вытворчасці «Беларуськалія», «Гродна Азота», Гомельскага хімічнага завода. Больш за тое, беларускія калійшчыкі прыстойна ўклаліся ў інфраструктуру літоўскага порта.

У красавіку 2013 года «Беларуськалій» набыў 30% акцый аднаго з аператараў тэрмінала ў Клайпедзе — «Біру кравеню тэрміналас» (БКТ) за 30 млн даляраў.

У 2015 годзе «Беларуская калійная кампанія» стала акцыянерам літоўскага брокера «Фертымара».

— У нас выбудаваная праца ў адзіным пуле, у які ўваходзяць вытворца, прадавец, стывідор, агент, брокер, а таксама беларуская і літоўская чыгункі, — тлумачылі TUT.BY у БКК, каментуючы дадзеную здзелку.

У 2019 годзе БКТ пераваліў 10 млн тон грузаў, 98% — прадукцыя «Беларуськалія». У планах уладальнікаў БКТ пашырэнне магутнасцяў да 16 млн тон з улікам будаўніцтва ГОКа ў Петрыкаве і «Слаўкалія».

Паводле інфармацыі TUT.BY, пытанне аб пераносе з Клайпеды перавалкі беларускіх калійных угнаенняў «сур'ёзна не абмяркоўвалі».

— Клайпеда — гэта самы блізкі порт, хуткая і танная перавалка, сваё захоўванне, экспедзіраванне судоў. Па шэрагу гэтых паказчыкаў Расія прайграе. Ёсць таксама сумневы, што расійскія магутнасці дазволяць пераваліць увесь аб'ём беларускіх грузаў. Але нават калі б і дазвалялі, то ў Расіі знаходзіцца «Уралкалій» — адзін з асноўных канкурэнтаў «Беларуськалія». Працаваць там разам — не вельмі добрая перспектыва, з'яўляюцца новыя рызыкі, — кажа профільны суразмоўца TUT.BY.

Барацьба за нафтапрадукты

А вось што абмяркоўваецца сур'ёзна — гэта змена месца перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў. Беларусь экспартуе 10-11 млн тон нафтапрадуктаў у год, у тым ліку каля 6 млн тон — праз парты краіны Балтыі. На 2020 год планавалася павялічыць перавалку праз Літву да 2 млн тон супраць 1,4 млн тон у 2019 годзе, паколькі «кірунак Літвы стаў досыць цікавы для Беларусі».

7 верасня кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак заявіў, што Расія і Беларусь пачалі прапрацоўку ўмоў перакідання беларускіх нафтапатокаў з партоў краін Балтыі ў расійскія. Цікава, што ў 2017 годзе дадзеная прапанова зыходзіла ад Масквы. Прычым Уладзімір Пуцін прапанаваў абавязаць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы выкарыстоўваць расійскую інфраструктуру для перавозкі нафтапрадуктаў. Але Мінск супраціўляўся, аргументуючы свой выбар наяўнасцю доўгатэрміновых кантрактаў з Літвой і Латвіяй. Пры гэтым тэставыя пастаўкі ўсё ж ажыццявілі.

Так, у студзені 2018 года Міжнародны трэйдар Vitol адгрузіў танкерную партыю беларускага бензіну аб'ёмам блізу 37 тысяч тон праз Усць-Лугу, адзначае агенцтва Argus. Аднак, згодна з інфармацыяй удзельнікаў рынку,

прыбытковасць паставак беларускага рэсурсу праз расійскі тэрмінал тады была ніжэйшая прыкладна на 10 даляраў за тону ў параўнанні з адгрузкамі праз парты краін Балтыі,

нягледзячы на зніжку РЖД у памеры 50%. У сувязі з гэтым Беларусь прыняла рашэнне аб спыненні экспарту праз Усць-Лугу.

Цяпер перавалка светлых нафтапрадуктаў ва Усць-Лузе каштуе 1,15 тыс. расійскіх рублёў за тону, тады як у Клайпедзе — 5,7 еўра, гэта значыць у 2,3 разы танней, кажа кіраўнік «Infoline-аналітыкі» Міхаіл Бурмістраў. Такім чынам, толькі на перавалцы Беларусь будзе губляць прыстойную суму.

Удзельнікі рынку лічаць, што нафтапрадукты беларускіх вытворцаў могуць быць экспартаваныя праз Высоцк і Усць-Лугу (абодва — Ленінградская вобласць) у выпадку дасягнення палітычных дамоўленасцяў паміж кіраўнікамі дзвюх краін.

— Я яму сказаў проста: калі вы прапануеце такія ўмовы, як мы маем у Прыбалтыцы, нам усё адно, — заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным, якія прайшлі 14 верасня ў Сочы.

Крыніцы ў нафтавай галіне лічаць ідэю перанакіравання паставак ў парты РФ выключна палітычнай.

— Эканоміка пакуль не складваецца. Расіянам будзе нявыгадна працаваць на балтыйскіх умовах. Але калі ва Усць-Лузе нейкім чынам кампенсуюць выпадальную розніцу, тады магчыма ўсё. Пры гэтым трэба глядзець крыху далей за гарызонт. Паколькі Беларусь зноў прывязваецца да Расіі. А толькі нядаўна [у мэтах дыверсіфікацыі] заняліся пастаўкамі альтэрнатыўнай нафты праз тую ж Клайпеду, — кажа суразмоўца TUT.BY.

Пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў ідуць праз нафтатэрмінал Klaipedos Nafta, а з гэтага года так увозіцца і частка аб'ёмаў нафты, што закупляюцца Беларуссю за межамі РФ. Кіраўнік Klaipedos Nafta Дарус Шылянскіс адзначыў, што перанакіраванне грузаў з Клайпедскага порта будзе эканамічна нявыгадным для Беларусі рашэннем. Разам з тым ён заявіў, што трэба быць гатовым да любой пастановы кліента, таму прадпрыемства шукае новыя магчымасці пагрузак.

— Ужо ў наступным годзе мы плануем грузіць новы прадукт — бітум — і шукаем іншыя магчымасці пагрузак. Гэта важна для выпрацоўкі стратэгіі кампаніі і захавання партфеля паслуг, каб у ім не было перавагі аднаго кліента або аднаго грузу, — сказаў Шылянскіс.

«Праверка транспарту стала больш жорсткай»

Яшчэ адна пагроза для краін Балтыі была ў абмежаванні транзіту грузаў праз Беларусь. Лукашэнка заявіў аб магчымасці перакрыць Беларусь для руху грузаў, якія ідуць з Літвы і Польшчы ў напрамку Расіі і Кітая.

На мінулым тыдні сталі актыўна пашырацца чуткі, што Беларусь нібыта перастане пускаць перавозчыкаў з краін Балтыі. Аднак у выніку інфармацыя не пацвердзілася. Разам з тым прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Літвы Linava Ромас Аўгустынскас сказаў Delfi, што заўважыў перамены.

— Цяпер цягачы правяраюць дбайней, чым звычайна, больш машын адпраўляюць на рэнтген. Гэта адымае больш часу, — сказаў ён. Паводле яго слоў, польскія калегі фіксуюць тое ж самае і на сваёй мяжы з Беларуссю.

Генеральны сакратар Міжнароднага транспартналагістычнага альянсу Павілас Дрыжас пацвердзіў гэтую інфармацыю.

— Мы размаўлялі з амбасадай Літвы ў Беларусі, нам пацвердзілі, што працуюць у звычайным рэжыме, што больш жорсткімі сталі праверкі транспарту незалежна ад таго, з якой ён краіны і які вязе груз, нам паўтарылі, што гэта тычыцца перавозчыкаў усіх краін. Мы адчуваем гэты ўзмоцнены кантроль, але нікога не спыняюць, такой інфармацыі няма, — сказаў ён.

Увечары 17 верасня Аляксандр Лукашэнка падліў алею ў агонь сваёй рэплікай аб «закрыцці межаў з Літвой і Польшчай». Пасля гэтага ў Дзяржпамежкамітэце заявілі, што «ахова дзяржаўнай мяжы Беларусі ажыццяўляецца ва ўзмоцненым варыянце памежнай службы і памежнага кантролю з ужываннем тактычных рэзерваў», а «пункты пропуску ажыццяўляюць афармленне на ўезд і на выезд у межах прапускной здольнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0