20 верасня Гародня праславілася тым, што амапаўцы падчас мірнага маршу зацягнулі ў аўтазак цяжарную жанчыну. А яшчэ тым, што акцёры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра не змаглі працягнуць спектакль, даведаўшыся, што на вуліцы затрымалі іх калег — заслужанага артыста Беларусі, рэжысёра-пастаноўшчыка і акцёра Сяргея Курыленку і яго жонку Валянціну Харытонаву, якая таксама служыць у тэатры.

На сцэне ў гэты вечар гралі «Вельмі простую гісторыю» — трагікамедыю па п’есе Марыі Ладо, дзеянні якой разгортваюцца ў хляве, а дыялогі прамаўляюцца жывёламі, што там знаходзяцца. Аднак сыграць акцёры змаглі толькі першы акт. Справа ў тым, што ў антракце ім паведамілі: затрыманыя іх калегі, Сяргей і Валянціна.

Зрабіла гэта дачка Сяргея Ксенія: яна хоць зараз і жыве ў ЗША, але, убачыўшы ў СМІ фотаздымак, на якім бацькоў вядуць у аўтазак, аператыўна пачала пісаць і званіць знаёмым у тэатр з просьбай дапамагчы і даведацца, што будзе з татам і маці. Яна прызналася ў каментары «Нашай Ніве», што шчыра ганарыцца сваімі бацькамі.

Момант затрымання

Акцёры, задзейнічаныя ў пастаноўцы, пасля гэтай навіны зразумелі, што не змогуць нармальна сыграць другі акт. Ігар Уланаў выйшаў на сцэну і агучыў гледачам, што яны прыпыняюць спектакль, бо вымушаныя ехаць у РАУС, калі іх калегі затрыманыя.

Кадр са спектакля «Вельмі простая гісторыя» Гродзенскага драмтэатра. 

Затрымлівалі, праўда, выключна Сяргея.

— Мы з жонкай гулялі. Дагуляліся да таго, што пачалі затрымліваць усіх у горадзе. Бралі на Вялікай Траецкай мяне аднаго, але жонка ўхапілася за мяне, не адпускала. Яны вырашылі, што гэта супраціў — амапавец мне пачаў круціць рукі. Я папрасіў яго некалькі разоў абысціся без гвалту, ён паслабіў хватку. У выніку ў Ленінскі РАУС нас павезлі разам з жонкай, — апісвае момант затрымання Сяргей.

Трымалі ў РАУС артыстаў гадзіны чатыры. Спачатку яны чакалі допыт у ціры, пасля іх перавялі ў спартовую залу. Абыходзіліся міліцыянеры з усімі затрыманымі ветліва: вадзілі пры першай патрэбе ў прыбіральню, давалі ваду. Пасля падпісання пратакола Сяргея і Валянціну адпусцілі — праўда, жонцы дагэтуль не вярнулі тэлефон.

Пара адразу паехала ў тэатр — атрымалася так, што яны вярнуліся туды хутчэй, чым акцёры выехалі на пошукі затрыманых калег.

 — Сустракалі нас як герояў — плакалі ўсе, абдымаліся. Я нават не чакаў: выглядала, нібыта я з фронту вярнуўся, — згадвае Сяргей.

У той жа вечар у тэатры адбылася размова з кіраўніцтвам.

— Дырэктар тэатра даводзіў нам, што нельга прыпыняць спектакль. Мы — акцёры, мы служым гледачу, нас вучаць не рэагаваць на знешнія абставіны, калі мы на сцэне. Але я патлумачыў, што такому навучыць немагчыма. Акцёры не змаглі стрымаць эмоцый, — расказвае Сяргей.

У каментары «НН» дырэктар тэатра Ігар Гедзіч пацвердзіў, што адразу ж прыехаў да акцёраў, як толькі даведаўся, што адбылося.

— Для мяне тэатр — гэта вялікая частка жыцця, усе восем год, што я тут працую дырэктарам. Мы жывём не ў вакууме, бачым, што адбываецца навокал.

Але мая пазіцыя наступная: я супраць палітызацыі тэатра, супраць палітычных мізансцэн. Учарашнія падзеі — гэта непавага да гледача. Як дырэктар тэатра, я магу толькі перапрасіць гледачоў, якія ўчора атрымалі не тое, на што разлічвалі. Ëсць незадаволенасць у людзей, якія хочуць адпачыць ад мітусні і інфармацыйнага наратыву.

Мы ўчора падарыць ім гэтага, на жаль, не змаглі. Мы нікога не пакрыўдзім і вернем грошы ўсім, хто захоча.

А што чакае акцёраў за іх учынак? Ігар Гедзіч кажа, што адміністрацыя будзе дзейнічаць у межах Працоўнага кодэкса.

— Першае, чаму вучаць акцёра, калі ён атрымлівае адукацыю, — гэта калі ён выходзіць на сцэну, то павінен забыць, што яго акружае. Ëн павінен быць прафесіяналам. Шмат ёсць прыкладаў, калі ў акцёра паміраў нехта з блізкіх, але ён усё роўна выходзіў на сцэну. Нагоды адмяняць учора спектакль, на мой погляд, не было. Будзем разбірацца ў гэтай сітуацыі. Пакуль я не гатовы адказаць, што мы будзем дакладна рабіць юрыдычна. Я прашу людзей прытрымлівацца заканадаўства, і калі людзі яго прытрымліваюцца, ніякіх наступстваў не будзе, — пракаментаваў «НН» дырэктар тэатра.

У сваю чаргу акцёры не хаваюць, што перажываюць, што іх тэатр можа напаткаць лёс Купалаўскага.

— Ужо ёсць адчуванне нейкай катастрофы. У нас адсутнічае кантакт з кіраўніцтвам, акрамя таго, што толькі мы ім вінныя, а яны нам — нічога. І мы павінны сядзець ціха, — дзеліцца Сяргей Курыленка.

Ускладняе сітуацыю тое, што акцёраў працягваюць па аднаму выклікаць на допыты ў Следчы камітэт наконт бел-чырвона-белага сцяга, які вывесілі над драмтэатрам яшчэ 15 жніўня. Па інфармацыі «НН», справу нібыта з адміністрацыйнай перавялі ў крымінальную: артыкул 370, здзек з дзяржаўнага сцяга. Каментаваць падрабязней гэтую справу дырэктар тэатра адмовіўся: «вядуцца аператыўна-следчыя дзеянні».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?