З такім прагнозам выступіла ў аўторак канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), піша ТАСС.

Як адзначаецца ў апублікаваным ёю дакладзе, «сёлета сусветная эканоміка скароціцца больш чым на 4%». Паколькі ўнутраная актыўнасць рэзка зніжаецца амаль паўсюдна, то гэта адбіваецца на эканоміцы. «Сусветны гандаль у гэтым годзе скароціцца прыкладна на адну пятую, прамыя замежныя інвестыцыі — да 40%, а грашовыя пераводы — больш чым на $100 млрд», — паказваюць эксперты.

Самае вялікае абсалютнае падзенне аб'ёмаў вытворчасці чакаецца ў развітых краінах, прычым у некаторых з іх яно будзе вымярацца двухзначнымі лічбамі. У той жа час найбольш буйны «эканамічны і сацыяльны ўрон будзе ў свеце, які развіваецца, дзе высокі ўзровень нефармальнай эканомікі, сыравінныя тавары і турызм з'яўляюцца асноўнымі крыніцамі замежнай валюты, а фінансаваея прастора скаваная гарой даўгоў».

Па прагнозах ЮНКТАД, «ад 90 да 120 млн чалавек у краінах, што развіваюцца, будуць вымушаныя жыць ва ўмовах крайняй галечы, а каля 300 млн сутыкнуцца з праблемай адсутнасці харчовай бяспекі». Як лічаць аўтары дакладу, асабліва моцна можа пацярпець Лацінская Амерыка, дзе падзенне вытворчасці сёлета чакаецца на ўзроўні 7,6%. У некаторых краінах, у прыватнасці ў Аргенціне і Мексіцы, не выключана скарачэнне, якое вылічаецца двухзначнымі лічбамі. З гэтым будзе кантраставаць сітуацыя ва Усходняй Азіі, дзе «рост застанецца ў станоўчай зоне, хоць і значна ніжэй, чым у 2019 годзе». Так, у Кітаі эксперты прагназуюць рост на 1,3%.

Згодна з дакладам, «толькі дзякуючы смелай мэтанакіраванай бюджэтнай экспансіі, што ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам краін з развітай эканомікай, можа быць забяспечана справядлівае і ўстойлівае аднаўленне эканомікі пасля пандэміі». На думку ЮНКТАД, «з улікам абмежаванасці выдаткаў у многіх краінах, што развіваюцца, спатрэбіцца значная міжнародная падтрымка для забеспячэння ім неабходнай прасторы для манеўру ў бюджэтна-фінансавай сферы». Акрамя таго, як лічаць эксперты, «свет павінен вырашыць праблему гіперняроўнасці, каб паспяхова аднавіць глабальную эканоміку» пасля пандэміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0