Калі менчукі праз сацыяльныя сеткі збіраліся на дабрачынны «Забег свабодных», планавалі: прабягуць у Парку дружбы народаў 5 км, а тыя, хто захоча, пакінуць грошы для Фонду салідарнасці. Атрымалася ўсё інакш: у прабежцы «паўдзельнічалі» сілавікі і з 35 бегуноў затрымалі, па словах відавочцаў, дваіх, расказвае TUT.BY. 

Фота Яўгена Ерчака, TUT.BY

Фота Яўгена Ерчака, TUT.BY

Старт быў прызначаны ў Парку дружбы народаў на скрыжаванні Багдановіча і Кульмана ў 10:40. Колькі людзей прыйдзе, загадзя ніхто не ведае. Хто ўсё прыдумаў, таксама.

Па выніку сабралася крыху больш за сорак чалавек: бегуны і тыя, хто прыйшоў іх падтрымаць. Мяркуючы па майках, шмат сярод іх было ўдзельнікаў паўмарафонаў розных гадоў і мінскіх бегавых клубаў, большасць — дасведчаныя бегуны. Першае кола ўдзельнікі дабягаюць у поўным складзе. Тыя, каму 2,5 км бегу даюцца з цяжкасцю, паволі сходзяць з дыстанцыі аддыхацца.

Другое кола даводзіцца скончыць раней: тыя, хто вяртаецца з парку да фінішу, паведамляюць, што пачаліся затрыманні.

Па словах тых, хто быў побач, затрымліваць сталі прыкладна на 3 км. Сілавікі ў аліўкавай форме і масках некаторы час беглі за ўдзельнікамі праз парк. Удзельнікі кінуліся ўрассыпную — і праз парк вярнуліся да фінішу.

Дагналі і затрымалі, верагодна, дваіх хлопцаў. Здаецца, выбралі тых, хто быў з бчб-сцягамі на плячах. «Гэта ж прабежка! Не было ні плакатаў, ні крыкаў», — скардзяцца адно аднаму бегуны. І вырашаюць: лепш разысціся. Таму што, хоць забег і скончыўся, у бяспецы сябе ніхто не адчувае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0