Больш за 100 000 чалавек выйшлі на Марш пратэсту ў Мінску, нягледзячы на нязменна шматлікія затрыманні і паганае надвор’е. Гэты марш быў народным адказам на таемную інаўгурацыю Лукашэнкі, якая адбылася ў сераду абсалютна нечакана для ўсіх. Таму многія неслі плакаты Ціханоўскай.

Калона сабралася ля Стэлы, рушыла па праспекце Машэрава на Багдановіча, звярнула на Сурганава і праспектам Незалежнасці прайшла аж да Уручча. Лукашэнкаўцы традыцыйна хапалі дэманстрантаў у хвасце калоны. Калону пратэстоўцаў сёння суправаджала брыгада медыкаў, гатовых пры патрэбе аказаць першую дапамогу.

Найбольш жорскае супрацьстаянне з сілавікамі было ў Гомелі. Лукашэнкаўцы распылілі слезацечны газ проста людзям у вочы, шмат разоў стралялі ў паветра. Аднаму хлопцу пашчасціла ўцячы з аўтазака, людзі радасна віталі яго.

Брутальныя сутычкі адбыліся ў Магілёве і Гродне, дзе лукашэнкаўцы таксама ўжывалі спецсродкі. Раззлаваным гарадзенцам удалося адбіць у сілавікоў некалькі дэманстрантаў, якіх валаклі па зямлі ў аўтазак. Грубыя затрыманні былі і ў Жодзіне.

Выйшлі таксама Салігорск, Баранавічы, Ваўкавыск, Бабруйск, Кобрын, Жабінка, Ліда, Смаргонь і іншыя.

Арменія і Азербайджан пачалі баявыя дзеянні. Урад Арменіі ўвёў у краіне ваеннае становішча і абвясціў усеагульную мабілізацыю. Прэм’ер-міністр Пашынян не выключыў прызнання незалежнасці Нагорнага Карабаха. Мы разабраліся, ці паедуць беларускія войскі ў Арменію, калі тая папросіць дапамогі ў АДКБ.

Падаў у адстаўку пасол Беларусі ў Аргенціне Уладзімір Астапенка. Прычына — нязгода з палітычнай сітуацыяй унутры Беларусі.

Гурт VAL не паедзе на «Еўрабачанне» ў наступным годзе. Артысты перакананыя, што рашэнне БТ звязана з іх грамадзянскай пазіцыяй і ўдзелам у пратэстах.

Выйшаў новы выпуск «Тока» з Ціханоўскай, зняты ў Літве, дзе яна разважае пра беларускі фашызм, каментуе абяцанне Лукашэнкі змяніць Канстытуцыю і правесці новыя выбары, дзеліцца поглядам на вымушаную эміграцыю беларускіх лідараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0