Паводле інфармацыі родных і калегаў, матрос-выратавальнік Асвода Леанід Бугор цяпер знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Яго сястра не ведае дакладна, пры якіх абставінах быў затрыманы 20-гадовы Леанід, што яму ставяць у віну і калі суд, піша TUT.BY.

Учора ўвечары Леанід працаваў на Нямізе, ён выратавальнік Асвода. Яго затрымалі проста на працы каля 21:00, а ў 23:30 ён ужо быў на Акрэсціна — аспавядае Кацярына, родная сястра Леаніда.

Леаніду 20 гадоў, па словах родных, у Асводзе хлопец працуе каля года — на выратавальнай станцыі «Камсамольскае возера». Той самай, 8 супрацоўнікаў якой апынуліся за кратамі пасля нядзельнага маршу 6 верасня, калі яны ратавалі з вады пратэстоўцаў. Паводле версіі міліцыі, гэта было непадпарадкаванне: замест таго, каб перадаць людзей сілавікам, супрацоўнікі Асвода перавезлі іх на іншы бераг. У выніку ратавальнікі паўсталі перад судом, двое з іх атрымалі штрафы, справы астатніх адпраўленыя на дапрацоўку. Віну ніхто не прызнаў.

— Леаніда нібыта затрымалі за тое, што ён нешта сказаў тым, хто затрымліваў. Але дакладна нічога не ведаю, гэта ўсё з чужых слоў. Мяркуючы па спісах у інтэрнэце (якія складаюць валанцёры), брата дастаўлялі ў розныя РУУС і ўжо потым на Акрэсціна. Які ў яго артыкул і калі суд — невядома, — кажа Кацярына.

Няма падрабязнасцяў і ў калегаў Леаніда Бугра.

— Ён дакладна затрыманы на працоўным месцы, у нядзелю Леанід працаваў у катары на вадзе, ён матрос-выратавальнік, — растлумачылі TUT.BY у АСВОД. — Ведаем, што ён на Акрэсціна, а па якім артыкуле — не. Нібы Леанід зрабіў камусьці заўвагу, але гэта папярэдняя версія.

TUT.BY звярнуўся па каментар у ГУУС Мінгарвыканкама. 

Дарэчы, пасля таго як 8 супрацоўнікаў Асвода правялі трое сутак у ізалятары за непадпарадкаванне, адзін з іх, вучань вадалаза, Іван Юрскі прыняў рашэнне сысці. Астатнія працягваюць працаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?