Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Сёння галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча судзілі нібыта за ўдзел у несанкцыянавай масавай акцыі 11 жніўня. Прысуд быў быццам і мяккі — 15 базавых (405 рублёў) штрафу ў сітуацыі, калі на аналагічных працэсах, некаторыя з якіх доўжацца не больш за 10 хвілін, многім даюць суткі. Аднак суддзя Алена Някрасава адмовілася зрабіць адзінае, што магло пацвердзіць ці абвергнуць сведчанні бакоў, — зверыць іх са звесткамі мабільнага аператара аб знаходжанні абанента Марціновіча ў ноч на 11 жніўня.

Менавіта пра гэта прасіў адвакат Марціновіча Сяргей Зікрацкі на пасяджэнні.

Суддзя Алена Някрасава адхіліла хадайніцтва: суду дастаткова для рашэння і таго, што ёсць.

Нагадаем, што справу Ягора Марціновіча разглядалі сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска.

Як расказаў Ягор Марціновіч, рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы ў адносінах да яго было прынята ў панядзелак, 21 верасня. Тады як позва з суда Заводскага раёна па адміністратыўнай справе датуецца 22 верасня.

Ягор Марціновіч быў затрыманы раніцай 23 верасня па справе аб нібыта паклёпе (арт. 188 КК) у адносінах да намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова. Ён правёў у ІЧУ на Акрэсціна трое сутак і быў выпушчаны на свабоду. Ягор застаецца ў статусе падазраванага па гэтай крымінальнай справе.

11 жніўня Ягор Марціновіч быў затрыманы ва ўласнай машыне, калі каля 2-й гадзіны ночы ехаў забіраць сваю жонку, журналістку Tut.by Адар'ю Гуштын, што працавала цэлы вечар каля метро «Пушкінская», дзе ў той дзень адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Жонка Ягора Марціновіча Адар'я Гуштын (злева). А справа — ягоная маці, вядомая журналістка, пісьменніца і мастацтвазнаўца Таццяна Мушынская

Жонка Ягора Марціновіча Адар'я Гуштын (злева). А справа — ягоная маці, вядомая журналістка, пісьменніца і мастацтвазнаўца Таццяна Мушынская

Сутычак і дэманстрацый у момант затрымання ўжо не адбывалася.

Асобы з аўтаматамі, якія затрымлівалі Марціновіча, праігнаравалі ягонае журналісцкае пасведчанне.

Машына засталася стаяць на праезнай частцы з адкрытымі дзвярыма. Выпадковы аўтамабіліст пабачыў яе, спыніўся і адбуксіраваў у суседні двор. Там яна прастаяла не замкнёнай амаль два дні. Нічога пры гэтым з яе не прапала — ні ноўтбук, нічога.

Больш за 36 гадзін ані сям'я, ані калегі не ведалі, што здарылася з Марціновічам. Урэшце 12 жніўня ён знайшоўся ў ізалятары Жодзіна і яго адпусцілі. Яму сказалі, што яго адпускаюць па рашэнні міністра ўнутраных спраў Караева. Аўтамабілем МУС яго даставілі з Жодзіна ў Мінск.

І вось праз паўтара месяца пасля гэтага справа ўсплыла — праз дзень пасля завядзення крымінальнай справы аб нібыта паклёпе на намесніка міністра ўнутраных спраў.

Сёння ў судзе сведчылі людзі, якія бачылі Марціновіча ўначы з 10 на 11 жніўня, працавалі ў той вечар разам з ім. Сведчыў і жыхар Мінска, які выпадкова пабачыў машыну Марціновіча, што засталася на месцы затрымання адкрытай. Сведчыў і ўчастковы Канстанцін Савеня з Фрунзенскага раёна — нібыта «сведка адміністратыўнага правапарушэння».

«Мы супраць таго, каб ён выступаў па скайпе», — адзначыў адвакат Сяргей Зікрацкі. Але суддзя хадайніцтва адхіліла.

З Савеням звязаліся па відэасувязі, ён адказваў проста з машыны.

Савеня распавёў, што ён — участковы. Ноччу 11 жніўня паступіла інфармацыя пра несанкцыянаванае шэсце. Людзі крычалі «Жыве Беларусь» і пляскалі ў далоні.

«Колькі людзей было?» — спытала суддзя.

«Не магу адказаць. Вялікая колькасць», — адказаў Савеня.

Па яго словах, пасля папярэджання затрымалі самых актыўных. Ён сам у затрыманнях не ўдзельнічаў. Ці пазнае Марціновіча, адказаць не змог.

«Твар знаёмы, але так не згадаю», — сказаў Савеня.

«Чаму вы ў машыне, але не можаце прыехаць у суд?» — спытаў яго Марціновіч.

Пытанне зняла суддзя Някрасава.

«Пры якіх абставінах затрымалі канкрэтна мяне?» — спытаў Ягор Марціновіч.

«Не магу адказаць».

«У якой вопратцы я быў?»

«Не магу адказаць, месяц прайшоў».

«Канкрэтна мяне папярэджвалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае?»

«Папярэджвалі ўсіх у масе».

«Як я рэагаваў на папярэджванні?»

«Я не памятаю. Калі вас затрымалі, значыць вы не адрэагавалі на папярэджанне», — адказаў участковы Савеня.

«Вы ў паказаннях сцвярджаеце, што я затрыманы быў у 3:05. Як вы патлумачыце, што СМІ паведамілі, што я затрыманы ў 2:09?» — спытаў Марціновіч.

«Калі ў пратаколе 3:05, значыць было ў 3:05. Што напісана, я тое і падтрымліваю», — сказаў Савеня.

«Апішыце будынкі, каля якіх мяне затрымлівалі?» — папрасіў Марціновіч.

«Я не бачыў, як вас затрымлівалі», — сказаў Савеня.

Пасля яшчэ шэраг пытанняў задаў адвакат Зікрацкі, Савеня адказваў агульна, маўляў, дэталяў не памятаю, шмат часу прайшло.

«А ці дапускаеце вы, што я быў там, але маўчаў?» — задаў апошняе пытанне Марціновіч.

«Не, не дапускаю, — адказаў Савеня. — Тыя, хто маўчаў, узялі і сышлі».

Не толькі ў выпадку галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» — у 99,9% аналагічных працэсаў, звязаных з акцыямі пратэсту ці дзейнасцю праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі, суддзі «давяраюць» паказанням супрацоўнікаў міліцыі і не абцяжарваюць сябе іх праверкай — хоць бы шляхам атрымання звестак мабільных аператараў. 

Анлайн з суда тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0