Што за падраздзяленні ўдзельнічаюць у разгоне дэманстрантаў у сталіцы? 

Неаднаразова ўжо людзі ідэнтыфікоўвалі розныя падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў: АМАП, ППСМ, Алмаз, САХР, ГУБАЗіК, а таксама Унутраныя войскі. 

Таксама ў разгонах першых дзён пасля выбараў, здаецца, удзельнічалі ветэраны спецназа пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Паўлічэнкі, іх ведамасную прыналежнасць вызначыць цяжка, калі яна ўвогуле ёсць. 

Яшчэ «Нашай Ніве» стала вядома прынамсі пра аднаго курсанта Інстытута пагранічнай службы, які атрымаў траўму пры разгоне дэманстрацый 9-11 жніўня. 

Але, выглядае, што ў разгонах удзельнічаюць таксама і супрацоўнікі Міністэрства абароны, а канкрэтна — асобныя афіцэры сіл спецыяльных аперацый з 5-й асобнай брыгады ў Мар'інай Горцы. 

Што на гэта паказвае? 

Найперш, тэхніка на вуліцах Мінска, якая знаходзіцца ў распараджэнні толькі ССА — джыпы DongFeng Mengshi. 

Фота: Дзяніс Буркоўскі, TUT.BY

Фота: Дзяніс Буркоўскі, TUT.BY

Далей, спецыфічныя армейскія бронекамізэлькі і каскі, якімі звычайна не карыстаюцца ў міліцыі. 

Звярніце ўвагу на асаблівасці шлемаў байцоў: спецыфічная форма з адкрытым вухам, якая дазваляе дадаткова абараніцца ад акустычных траўм, а таксама ліпучая разметка. Яна выкарыстоўваецца для навешвання маскіруючых ці апазнавальных знакаў. Фота зроблена на базе спецназа ў Мар'інай Горцы, падчас наведвання часці Лукашэнкам. 

Фота: president.gov.by

Фота: president.gov.by

А цяпер параўнайце гэтыя шлемы з тым, якія надзеты на чалавеку ў цывільным, які вядзе затрыманага ва Уруччы 27 верасня. Імаверна, гэта аднолькавы шлем. 

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Вось яшчэ адно фота з Нямігі, якое ілюструе супадзенне амуніцыі: 

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

А вось відэа, знятае ў адным з мінскіх двароў 20 верасня. Людзі ў цывільным, але з вайсковымі шлемамі і бронекамізэлькамі (ці ёсць там бронепласціны — невядома) даволі нервова гавораць паміж сабой і, падаецца, лаюцца. 

У час сваркі чутны мянушкі, па якіх яны звяртаюцца адзін да аднаго: «Макар» і «Глыба». 

Чытачы «Нашай Нівы» з ліку вайскоўцаў звярнулі ўвагу, што гэтыя мянушкі супадаюць з мянушкамі асобных афіцэраў першага асобнага атрада мар'інагорскай брыгады спецназа.

Нам вядомыя і меркаваныя імёны гэтых людзей, гэтую інфармацыю мы перадалі ў прэс-службу Мінабароны і папрасілі пацверджання інфармацыі аб удзеле байцоў армейскага спецназа ў падаўленні пратэстаў праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. 

Ні пацвярджаць, ні абвяргаць інфармацыю ў Мінабароны не сталі, пакінуўшы пытанне без адказу. 

Паводле звестак журналістаў, байцы Сіл спецыяльных аперацый бралі ўдзел у паліцэйскіх аперацыях супраць дэманстрантаў і ўдзельнікаў руху за грамадзянскія правы ў некаторых рэгіянальных гарадах. Некаторых з іх апазнавалі дэманстранты.

ССА лічацца элітай беларускага войска, а першы асобны атрад з 5-й АБСП — элітай эліт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?