Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра пазіцыю Крамля ў дачыненні да Беларусі.

Гэта пытанне, якое я чую найчасцей ад людзей, якія спрабуюць зразумець доўгатэрміновую перспектыву беларускіх пратэстаў.

Пра Пуціна згадвала Святлана Алексіевіч, Пуціну відавочна спрабуе «спадабацца» шмат хто з Каардынацыйнай рады (згадайма выказванне Сяргея Дылеўскага), Пуціна, як тую саву на глобус, спрабуюць нацягнуць на сваю пазіцыю «ябацькі», пры тым, што калі нейкія актыўныя кантакты на афіцыйным узроўні і ідуць, дык гэта толькі кантакты з губернатарамі.

Пазіцыю Крамля няпроста зразумець, бо яна не такая ўжо і відавочная.

Як я шмат разоў падкрэсліваў, цяперашні палітычны крызіс у Беларусі можна было б калі не вырашыць, дык хаця б залагодзіць адным простым крокам — крэдытам у памеры 15 мільярдаў даляраў. Гэта падтрымала б бюджэтнікаў у іх ілюзіі, што дзяржава дагэтуль моцная; гэта дазволіла б людзям з малых гарадоў, дзе няма працы (а калі нейкія вакансіі і ёсць, дык на заробак у 300-400 рублёў), упэўніцца, што сістэма памятае і дбае пра іх.

Бо тутэйшы «парадак» ужо даўно не ўмее зарабляць грошы, ён можа толькі размяркоўваць тое, што прыходзіць звонку, сярод сваіх, у залежнасці ад прыярытэтнасці функцый.

Але замест таго Расія вылучае мізэрныя, дэкаратыўныя, я б сказаў, 1,5 мільярда, ды яшчэ з растэрміноўкай, выдатна ведаючы, што гэты памер здольны толькі адцягнуць дэфолт, у якім Расія, як наш асноўны крэдытор, зусім не зацікаўленая.

Пры гэтым з Крамля прыходзяць вельмі супярэчлівыя сігналы. Напрыклад, рускія адкрыта крытыкуюць Ціханоўскую, кажуць пра ўмяшальніцтва Захаду ў нашы ўнутраныя справы, але нават такую дробязь, як віншаванне Лукашэнкі з інаўгурацыяй, сабе не дазваляюць, матывуючы гэта тым, што, маўляў, ужо павіншавалі з перамогай. Ва ўмовах, калі Мінску штодня «прылятае» за патаемную інаўгурацыю ад еўрапейцаў, калі б Пуцін быў аднадушны з беларускай сістэмай — ну, павіншавалі б два разы, ябацькам было б прыемна.

Але не.

Дык з кім Крэмль?

І чаму паводзіцца так неласкава? Чаму не ратуе Лукашэнку (хаця мог бы) і чаму не выступае адкрыта за Калеснікаву ці іншых (хаця мог бы)?

Самая праўдападобная версія, якую я чуў дагэтуль, у тым, што Пуцін, як той кітаец на ўзбярэжжы ракі, сядзіць і чакае, пакуль плынь вынесе труп ворага. З той агаворкай, што «ворагам» будзе ўспрымацца акурат той, хто сыдзе ў гэтым супрацьстаянні першым. А другі бок будзе аб’яўлены адвечным сябрам рускага народа, яму пойдуць і віншаванні, і падтрымка. І нібыта на тое разлічаныя паводзіны чальцоў Каардынацыйнай рады.

Але мне гэтая версія заўсёды падавалася не адпаведнай пуцінскай псіхеі. Не той ён чалавек, каб сядзець і чакаць, у чаканні хутчэй ёсць нешта беларускае.

Дык вось вам іншая версія, пра якую прапаную падумаць.

Дзіўныя паводзіны Крамля абгрунтаваныя толькі ў тым выпадку, калі для яго наогул не прынцыпова, колькі людзей затрымліваюць тут на мітынгах, як з імі абыходзяцца ў турмах, колькі сотняў тысяч пратэстуе кожную нядзелю ў Мінску і наколькі моцна абураюцца ў той жа Расіі з нагоды Лукашэнкі з аўтаматам.

Пуцін жыве ў іншым, доўгім, часе.

Для інтарэсаў Расіі што год, што 5 гадоў — неістотна.

І, галоўнае, галаву Пуціну свідруюць зусім іншыя перспектывы.

Я б дапусціў, што кіраўнік Расіі рыхтуецца да вялікага вайсковага супрацьстаяння з НАТА. І Беларусь яго можа цікавіць выключна ў ваенна-стратэгічным, а не ў палітычным сэнсе. Правы чалавека, грамадскае меркаванне ў Беларусі — гэта ўсё другаснае ў варунках мілітарнай тактыкі.

Пра тое, што расійскія эліты ўжо дэ-факта жывуць у настроі халоднай вайны, сведчаць выдаткі на абарону, сама рыторыка афіцыйных асобаў. І, дарэчы, выбары ў ЗША могуць быць нашмат больш прынцыповым момантам для Пуціна, чым тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

А канфлікт у Нагорным Карабаху, дзе з аднаго боку прысутнічае Арменія, партнёр па АДКБ, а з другога — Азербайджан, за які гатовая ўпісацца Турцыя, сябар НАТА, патэнцыйна набліжае вельмі дрэнную развязку.

Паглядзіце на нашу сітуацыю вачыма Сталіна ў 1940 годзе і зразумейце, чаму афіцыйны Мінск раптам пачаў вярзці поўную лухту пра «пагрозу з Захаду», на каго былі разлічаныя гэтыя манеўры з перакідваннем вайскоўцаў да межаў з Літвой і Польшчай.

Для жыхароў Беларусі, якая жыве ў мірным часе, тое гучала поўнай бздурай, але адрасатам бразгання зброяй, здаецца, былі зусім не яны.

Адносіны Мінска і Масквы ў такім разе — саперніцтва дзвюх паранояў, дзвюх вялікіх перасцярог.

Вызваліўшы вагнераўцаў і змясціўшы фокус сваёй ваяўнічай рыторыкі на Захадзе, пачаўшы пераслед «западэнцаў», яны актыўна падаюць сігналы, што разумеюць пуцінскія закалоты.

Я вельмі спадзяюся, што ва ўдзельнікаў канфлікту ў Карабаху і тых, хто можа яго пашырыць да супрацьстаяння, што выходзіць за межы рэгіёна, хопіць вытрымкі не спраўдзіць найгоршыя чаканні мілітарыстаў.

2020 год яшчэ і блізка не скончыўся, а любая вайна, у тым ліку з удзелам беларускага абмежаванага кантынгенту ў межах АДКБ, адразу зробіць нашы палітычныя праблемы неістотнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?