Беларусь і Расія прасунуліся ў разуменні па пытанні цаны на расійскі газ у 2021 годзе, паведаміў сёння журналістам пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка на палях пленарнага пасяджэння VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, піша БЕЛТА.
«Я сустракаўся 11-га верасня з Мілерам [старшынёй праўлення «Газпрама» Аляксеем Мілерам] у Санкт-Пецярбургу, мы прасунуліся ў разуменні. Нюансы не буду казаць. Плённа папрацавалі, пагаварылі, знайшлі ў галоўных пытаннях кансенсус», — адзначыў Уладзімір Сямашка.
Па яго думку, будзе паэтапны рух па зніжэнні цаны на расійскі газ для Беларусі. «Хутчэй за ўсё, нейкі крок [па зніжэнні цаны] будзе ўжо з 1 студзеня 2021 года. Рынак [агульны рынак газу ў Саюзнай дзяржаве], думаю, ужо можна стварыць з 1 студзеня 2022 года», — мяркуе пасол.
Цана на расійскі газ у 2020 годзе для Беларусі складае $127 за 1 тысячу кубаметраў.