Сёння раніцай сястра матроса-выратавальніка Леаніда Бугра ў валанцёрскіх спісах выявіла: яе брат ужо не на Акрэсціна, а ў Жодзіне, яму прысудзілі 13 сутак. Напярэдадні сям'я спрабавала даведацца, дзе будзе праходзіць судовае пасяджэнне і па якім артыкуле затрымалі 20-гадовага Леаніда, піша Tut.by.

Брату далі 13 дзён, сёння знайшла ягонае прозвішча ў спісах тых, хто знаходзіцца ў Жодзіне. Аказваецца, суд быў учора, але ніякай інфармацыі ў нас не было. Для Леаніда на Акрэсціна ў панядзелак прынялі перадачу, атрымаў ён яе ці не, не ведаю, — распавядае Tut.by Кацярына, сястра затрыманага супрацоўніка Асвода.

Матрос-выратавальнік Леанід Бугор быў затрыманы проста на працы 27 верасня. У той дзень праходзіў нядзельны марш, Леанід разам з двума іншымі калегамі дзяжурыў на вадзе недалёка ад Банка развіцця. За што канкрэтна матрос-выратавальнік апынуўся ў ізалятары і які артыкул яму ставяць у віну, сям'я спрабавала даведацца цэлы дзень.

Ужо пасля публікацыі тэксту з рэдакцыяй звязаліся відавочцы. Яны распавядаюць: падчас маршу, як толькі хвост калоны перасёк мост па праспекце Машэрава, на мост прыехалі мікрааўтобусы, выбеглі людзі ў чорным і пачаліся затрыманні.

— З лодкі хтосьці крыкнуў: «Навошта вы яго так жорстка затрымліваеце?» Адразу адзін амапавец адрэагаваў прыкладна так: «Што ты сказаў? Падплывай сюды». Яны падплылі, і пачалася размова. Мы пайшлі далей, — успамінае Вікторыя.

А іншая Вікторыя нават зрабіла некалькі кароткіх відэа таго, што адбывалася на беразе пасля 16:00. Па словах супрацоўнікаў Асвода, чалавек у чорным, якога адводзяць сілавікі на відэа, — іх калега.

— Па вадзе плавалі дзве лодкі, у кожнай сядзела па тры чалавекі. Калі амапаўцы пабеглі да ракі, яны сталі патрабаваць, каб лодкі падплылі і кагосьці ім аддалі. Я тады не зразумела: трэба аддаць каго-небудзь са сваіх або таго, хто да іх заскочыў. У выніку падплыла адна лодка і аддалі хлопца ў чорным, — распавядае відавочца.

Па яе словах, супрацоўнікі Асвода ўдарылі.

У панядзелак сям'я затрыманага выратавальніка спрабавала даведацца, які суд і калі будзе разглядаць справу. Як стала вядома Tut.by, учора справу разгледзела суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Ганна Буйноўская.

— Леаніда асудзілі на 13 сутак па ч. 1 арт. 23. 34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Як ён мог удзельнічаць у мітынгу на катэры? Ён ехаў па праспекце ці што, проста па праезнай частцы? — задаюцца пытаннямі супрацоўнікі Асвода.

Tut.by звярнуўся па каментар у ГУУС Мінгарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?