На Мінскай кальцавой загінуў сабака. Адзін з відавочцаў расказаў, што сабаку папросту выкінулі з машыны. Гэты факт ён зняў на відэарэгістратар і размясціў на YouTube, паведамляюць «Мінск-Навіны».

На кадрах роліка відаць, як 28 верасня ў 15:11 невядомы мужчына на чорным уседарожніку, верагодна Volkswagen Tiguan, пакідае сабаку на абочыне МКАД у раёне 10-й гарадской клінічнай бальніцы. Па словах аўтара роліка, у бакавое люстэрка было відаць, як мужчына зачыніў дзверы аўто і з'ехаў «кінуўшы сабаку аднаго на волю лёсу». Таксама можна было заўважыць, што сабака спрабаваў дагнаць машыну.

Калі аўтааматар, які стаў сведкам гэтай карціны, ехаў назад па вонкавым коле МКАД, у гэтым жа месцы ў трэцім шэрагу побач з адбойнікам убачыў таго сабаку. Ён быў мёртвы. Верагодна, сабаку збіла іншая машына, бо жывёла бегла да кожнай, спадзеючыся, што гаспадар вярнуўся.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?