У Мінску пакажуць спектаклі Кшыштафа Варлікоўскага, Алвіса Херманіса і Цімафея Кулябіна, а таксама найлепшыя беларускія пастаноўкі — міжнародны форум тэатральнага мастацтва «Тэарт», які адкрываецца 2 кастрычніка, абвясціў праграму. Будзе паказана дваццаць дзевяць спектакляў. Праз эпідэміялагічную сітуацыю «Тэарт» не змог запрасіць у Мінск гасцей, таму міжнародная праграма будзе дэманстравацца ў запісе на вялікім экране.

Сёлета «Тэарт» пройдзе ўжо ў дзясяты раз: у свой час форум, які можна лічыць адной з галоўных тэатральных падзей года, стаў развівацца дзякуючы падтрымцы «Белгазпрамбанка» і асабіста Віктара Бабарыкі. Кожны год тады яшчэ банкір, а цяпер палітвязень набываў квіткі ў першы шэраг і прыходзіў на пастаноўкі разам з жонкай, калі тая была жывая, і сынам Эдуардам Бабарыкам, таксама цяпер палітвязнем.

Дзясяты тэатральны форум па-ранейшаму падтрымлівае «Белгазпрамбанк». У культурнай супольнасці да апошняга лунала пытанне, ці будзе «Тэарт» арганізаваны ўвогуле, але на мінулым тыдні дырэкцыя абвясціла: форум адбудзецца, нягледзячы ні на што.

Праўда, пандэмія каранавіруса не дазволіла ёй паўнавартасна падрыхтаваць самую чаканую праграму — міжнародную, і вымусіла перавесці яе ў фармат паказаў у запісе. Зрэшты, такі варыянт для тэатралаў не новы: пастаноўкі замежных тэатраў рэгулярна паказваюцца ў мінскіх кіназалах у праекце «TheatreHD», да таго ж пандэмія надоўга перавяла гледачоў на прагляды на канапе.

Такім чынам, міжнародная праграма пакажа васямнаццаць спектакляў, пасля часткі з іх будуць арганізаваныя размовы з пастановачнымі камандамі. У секцыю ўвайшлі работы рэжысёраў Алвіса Херманіса, Оскараса Каршуноваса, Гжэгажа Яжыны і Кшыштафа Варлікоўскага. Асобнай часткай праграмы будуць паказы «найлепшых расійскіх спектакляў», сярод якіх пастаноўкі Цімафея Кулябіна, Канстанціна Багамолава ды іншых.

Асобнай вартасцю «Тэарта» лічыцца прафесійны адбор найярчэйшых беларускіх пастановак мінулага сезона — такім чынам форум паказвае, што адбываецца ў нашым тэатральным працэсе і як у краіне развіваецца тэатральнае мастацтва. Сёлета ў падборку Belarus Open увайшло адзінаццаць спектакляў — як работы рэпертуарных тэатраў, так і незалежныя праекты. Сярод апошніх, дарэчы, адразу тры ўдзельнікі ад цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн», які арганізуе «Тэарт». У беларускую секцыю адборшчыкі ўключылі работы Яўгена Карняга, Кацярыны Аверкавай, Аляксандра Марчанкі, Аляксея Ляляўскага, Ігара Казакова ды іншых.

Апроч двух праграм паказаў форум арганізуе адукацыйную платформу «Школа «Тэарта», што прадугледжвае творчую лабараторыю, лекцыі і семінары — сёлета яна пройдзе пад слоганам «Тэатр у часы ўзрушэнняў».

Мерапрыемствы «Тэарта» будуць праходзіць да 24 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?